1 У той час слава аб Езусе дайшла і да тэтрарха Герода.
2 Дык сказаў ён слугам сваім: "гэта Ян Хрысьціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды".
3 Бо Герод узяў Яна, і налажыў на яго кайданы, і пасадзіў у вязьніцу дзеля Герадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго.
4 Бо Ян казаў яму: "Не належыцца табе мець яе".
5 Дык ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо мелі яго за прарока.
6 Але ў дзень нараджэньня Герода дачка Герадыяды скакала ў прысутнасьці ўсіх і спадабалася Героду.
7 Дык пад прысягай абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.
8 Яна, навучаная маткай сваёй, сказала яму: "дай мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля".
9 Кароль засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.
10 І паслаў ката, і той адсёк Яну галаву ў вязьніцы.
11 Затым прынесьлі яго галаву на місе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.
12 Вучні яго, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго. Ды, вярнуўшыся, расказалі пра гэта Езусу.
13 Езус,пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, пачуўшы аб гэтым, грамады пайшлі за Ім з гарадоў пешшу.
14 Калі выйшаў, убачыў вялікі натоўп і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іхніх.
15 Калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Яго і сказалі: "Месца тут пустыннае і ўжо позна; адпусьці людзей, хай ідуць ў вёскі і купяць сабе харчоў".
16 Езус сказаў ім: "Хай не адыходзяцца, вы дайце ім есьці".
17 Адказалі яны Яму: "Ня маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы".
18 І сказаў ім: "Прынясіце Мне іх сюды".
19 І загадаў людзям сесьці на траве. І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, багаславіў, і паламаў, і раздаў вучням, а вучні — людзям.
20 Дык елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабрана кускоў дванаццаць поўных кашоў.
21 Людзей жа, што елі, было пяць тысяч апрача жанчын і дзяцей.
22 Затым загадаў вучням сесьці ў лодкі і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусьціць людзей.
23 І, адпусьціўшы людзей, адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі зьвечарэла, адзін там прабываў.
24 А ў той час лодка адплыла далёка ад берага, і кідалі ёю хвалі, бо вецер быў праціўны.
25 А чацьвёртай начной варце прыйшоў да іх Езус па моры.
26 Убачыўшы Яго ідучага па моры, вучні спалохаліся і казалі: "Гэта здань!" Ды ад страху закрычалі.
27 Дык адразу прагаварыў да іх Езус: "Мейце пэўнасьць, гэта Я; не палохайцеся".
28 Пётар жа сказаў Яму: "Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе".
29 А Ён скзаў: "Ідзі!" Дык Пётар, вылезшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб прыйсьці да Езуса.
30 Але, адчуўшы раптоўны вецер, спалохаўся і пачаў тануць, дык закрычаў: "Госпадзе, ратуй мяне!"
31 А Езус, выцягнуўшы руку, зараз схапіў яго і сказаў яму: "Малой ты веры, чаму зьняверыўся?"
32 І калі ўвайшлі ў лодку, сьціх вецер.
33 Дык тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся Яму, кажучы: "Сапраўды, Ты — Сын Божы".
34 І калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.
35 І людзі таго месца, калі пазналі Езуса, разьвясьцілі па ўсёй гэтай ваколіцы. Дык прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся
36 і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Ягонай; і каторыя толькі дакраналіся — здаравелі.