1 У той жа дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.
2 І сабраліся пры Ім вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.
3 І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях, кажучы: "вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі, і выдзюбалі іх.
5 Другія ж упалі на камяністую зямлю, дзе ня мелі шмат зямлі, і ўзыйшлі зараз жа, бо глеба была неглыбокая.
6 Калі ж узыйшло сонца, павялі, бо ня мелі карэньня, і высахлі.
7 Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, і церні вырасьлі і заглушылі іх.
8 Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно — у сто разоў, другое — у шэсьцьдзесят, а іншае — у трыццаць.
9 Хто мае вушы слухаць, хай слухае".
10 І, падыйшоўшы, вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"
11 А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта ня дадзена.
12 Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе аднята.
13 Таму гавару ім у прыповесьцях, бо яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ды не разумеюць.
14 Так спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, які кажа: "Слухаючы будзеце слухаць, і не зразумееце. Гледзячы будзеце глядзець, і ня ўбачыце.
15 Бо сэрца гэтага народу агрубела, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачыма ня ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх".
16 Шчасьлівыя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.
17 Сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
18 Вы ж слухайце (значэньне) прыповесьці пра сейбіта.
19 Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, і не разумее яго, прыходзіць злыдня і хапае пасеянае ў сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прыймае,
21 але ня мае кораня, таму часовы. І калі настане прыгнёт і перасьледаваньне слова, скора адпадае.
22 А ў каго пасеяна між церняў, той, што праўда, слова слухае, але клопаты аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно не прыносіць плёну.
23 У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее, і прыносіць плён: адзін — у сто разоў, другі — у шэсьцьдзесят, а іншы — у трыццаць".
24 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеяў добрае насеньне на сваёй ральлі.
25 Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукалю ў пшаніцу, і пайшоў.
26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
27 Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "гаспадару, ці ж ты ня добрае пасеяў насеньне на сваёй ральлі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?"
28 Сказаў ён ім: "Вораг гэта зрабіў". Сказалі яму слугі: "Хочаш, мы пойдзем і зьбяром яго?"
29 Але ён сказаў: "Не, каб часам, зьбіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.
30 Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: "Зьбярыце раней кукаль і зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу зьбярыце ў маё гумно".
31 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы, чалавек пасеяў на сваёй ральлі.
32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасьце, стаецца большым за ўсякую гародніну, і стаецца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінах".
33 Іншую прыповесьць расказаў ім: "падобнае Каралеўства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".
34 Гэта ўсё расказваў Езус людзям у прыповесьцях, і без прыповесьцяў не гаварыў да іх,
35 каб споўнілася сказанае прарокам, які казаў: "Адкрыю вусны свае ў прыповесьцях, выказваць буду рэчы, скрытыя ад заснаваньня сьвету".
36 Затым, адпусьціўшы людзей, Езус вярнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэту прыповесьць пра кукаль на ральлі".
37 Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто расьсяе добрае насеньне, ёсьць Сын Чалавечы.
38 Ральля — гэта сьвет; добрае насеньне — сыны Каралеўства, а кукаль — сыны злыдні;
39 непрыяцелем жа, што яго пасеяў, ёсьць д'ябал; жніво — канец сьвету, а жнеі — анёлы.
40 Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.
41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны зьбяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня,
42 і ўкінуць іх у печ агністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
43 Тады справядлівыя будуць ясьнець, як сонца, у Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
44 Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які чалавек, знайшоўшы, утойвае і, праняты радасьцю, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.
45 Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых пэрлаў.
46 Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрлу, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да нерату, закінутага ў мора ды загарнуўшага рыбы ўсякіх сартоў.
48 Калі ўжо ёсьць поўны, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрыя адбіраюць у судзіны, а благія вон выкідваюць.
49 Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,
50 ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
51 Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так".
52 Сказаў ім: "таму кожны кніжнік, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбоўні сваёй рэчы новыя і старыя".
53 Калі скончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў у сынагозе іхняй, а яны дзівіліся і казалі: "адкуль жа гэта мудрасьць і моц?
55 Ці ж гэта ня сын цесьлі? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго — Якубам і Язэпам, Сымонам і Юдай?
56 А сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"
57 Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім".
58 І дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус там нямнога цудаў.