1 У той час падыйшлі да Езуса вучні, пытаючыся: "Хто найбольшы ў Каралеўстве Нябесным?"
2 І Езус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярэдзіне іх
3 і сказаў: "Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Каралеўства Нябеснае.
4 Хто ўпакорыцца як гэта дзіця, той большы у Каралеўстве Нябесным.
5 І хто прыйме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыйме.
6 А хто б згоршыў аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму прычапіць камень млынавы на шыю і ўтапіць у глыбіні мора.
7 Гора сьвету ад згаршэньняў. Бо мусяць прыйсьці згаршэньні, аднак гора таму чалавеку, праз якога згаршэньне прыходзіць.
8 Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе аднарукім ці кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі або дзьве нагі быць укінутым у агонь вечны.
9 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым маючы два вокі быць укінутым у агонь пякельны.
10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, каторы ў небе.
11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў ратаваць тое, што было прапаўшы.
12 Як вам здаецца? Калі б хто мае сто авец, і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць той, каторая прапала?
13 І калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасьці, чым з дзевяноста дзевяці, каторыя не зблудзілі.
14 Так і ваш Айцец, каторы ў небе, ня хоча, каб прапаў хоць адзін з малых гэтых.
15 Калі брат твой правініцца табе, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вока. І калі б паслухаў цябе, здабудзеш брата твайго.
16 А калі б цябе не паслухаў, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб усякае слова абапіралася на доказе двух або трох сьведкаў.
17 А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.
18 Сапраўды кажу вам: Што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.
19 Паўторна кажу вам: Калі двух з вас на зямлі згодзяцца прасіць аб якую-колечы рэч, дасьць ім Мой Айцец, які ў небе.
20 Бо дзе ў імя Маё сабяруцца двух або трох, там і Я пасярод іх".
21 Тады Пётар, падыйшоўшы, спытаўся: "Госпадзе, колькі разоў маю дароўваць брату майму, калі правініцца мне? Ці да сямі разоў?"
22 Кажа яму Езус: "Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці сямі разоў.
23 Дзеля таго падобнае Каралеўства Нябеснае да чалавека караля, каторы хацеў разрахавацца са слугамі сваімі.
24 І калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, каторы быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
25 Калі ня меў ён з чаго аддаць, загадаў пан ягоны прадаць яго, жонку ягоную, дзяцей ды ўсё, што меў, ды заплаціць.
26 Але слуга той, упаўшы, прасіў яго: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і я аддам табе ўсё".
27 І пан зжаліўся над тым слугой, і асвабадзіў яго, і доўг яму дараваў.
28 Але слуга той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, каторы быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "Аддай, што мне вінаваты".
29 А таварыш той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і аддам табе".
30 Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, дакуль не аддасьць яму доўгу.
31 Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі, ды пайшлі і расказалі пану свайму ўсё, што сталася.
32 Тады пазваў яго пан ягоны і сказаў яму: "Слуга нягодны, я табе увесь доўг дараваў, бо ты мяне прасіў.
33 Ці ж і табе не належылася, каб ты пашкадаваў таварыша свайго, як я пашкадаваў цябе?"
34 І, разгневаўшыся, пан ягоны выдаў яго катам, пакуль яму не аддасьць усяго доўгу.
35 Так і Айцец Мой нябесны зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму ў сэрцах вашых".