1 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.
2 І за Ім ішлі вялікія грамады, і там аздаравіў іх.
3 Затым падыйшлі да Яго фарысэі і, зводзячы Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?"
4 А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, хто стварыў (чалавека) напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх
5 і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адным целам".
6 І так ужо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае".
7 Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"
8 Сказаў ім: "Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей кідаць жонку вашую, але не было так напачатку.
9 Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, за выняткам распусты, іжэніцца з іншаю — чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся — чужаложыць".
10 Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак чалавека да жонкі, то лепш не жаніцца".
11 А Езус сказаў ім: "Ня ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.
12 Бо ёсьць эўнухі, што такімі з жывата маці нарадзіліся, і ёсьць эўнухі, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць эўнухі, што самі сябе выпакладалі дзеля Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее".
13 Аднойчы прывялі да Яго дзеткі, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.
14 Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Каралеўства Нябеснае".
15 І, усклаўшы на іх рукі свае, пайшоў адтуль.
16 І вось нехта падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Настаўнік добры, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
17 Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі (Бог) добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".
18 Спытаўся ў Яго: "Якія?" Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведчы фальшыва,
19 шануй бацьку і матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога".
20 Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад маленства свайго. Чаго мне яшчэ не хапае?"
21 Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай ўбогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, хадзі за Мной".
22 Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
23 Затым Езус сказаў сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багаты з цяжкасьцяй увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
24 Зноў кажу вам: Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Карлеўства Божае".
25 Пачуўшы гэта, вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"
26 А Езус, узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей гэта немагчыма, але у Бога ўсё магчыма".
27 Тады ў адказ Пётар сказаў Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой. Дык што мы атрымаем?"
28 Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, калі настане новы сьвет і засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы сваёй, засядзеце на дванацаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраэля.
29 І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
30 І многа першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.