1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, Езус тады паслаў двух вучняў
2 і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, а зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і з ёй асьляня. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
3 І калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх патрабуе Госпад, а зараз пусьцяць іх".
4 Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказанае прароках; які казаў:
5 "Скажыце дачцы Сыёна: Вось едзе да цябе Кароль твой, ціхі, седзячы на асьліцы і на асьляці, сыне пад'ярэмнай".
6 Пайшоўшы, вучні зрабілі, як ім загадаў Езус.
7 І прывялі асьліцу з асьлянём, і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і (Езус) сеў на іх.
8 А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе; а іншыя сьціналі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе.
9 І грамады, што на перадзе і за Ім ішлі, гаманілі, кажучы: "Гасанна Сыну Давідаваму! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гасанна на вышынях!"
10 І калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"
11 А народ казаў: "Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага".
12 І ўвайшоў Езус у сьвятыню, і павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
13 Ды сказаў ім: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".
14 І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, і Ён аздаравіў іх.
15 А першасьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці, гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: "Гасанна сыну Давідаваму!", злаваліся
16 і казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Так; ці вы не чыталі: "Праз вусны немаўлятак і сысуноў ўчыніў Ты хвалу?"
17 І, пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію, і там застаўся.
18 Нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.
19 Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фіговае, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісьця, і сказаў яму: "Няхай ня родзіцца з цябе плод навек і". І адразу дрэва фіговае ссохла.
20 Дык, бачачы гэта, вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла дрэва фіговае?"
21 У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: Каб мелі вы веру і не сумляваліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фіговым, але, нават каб сказалі гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", сталася б.
22 І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце".
23 І калі Езус увайшоў у сьвятыню, прыйшлі да Яго, калі вучыў, першасьвятары і старшыні народу і казалі: "Якою ўладаю гэта робіш? Хто Табе даў такую ўладу?"
24 Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас адно слова, і калі адкажаце Мне, дык і Я тады скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:
25 Хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:
26 "Калі скажам: "З неба", скажа нам: "Дык чаму вы не паверылі?" А калі скажам: "Ад людзей", баімося народу, бо ўсе Яна маюць за прарока".
27 Дык у адказ Езусу сказалі: "Ня ведаем". І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю".
28 "Як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".
29 А ён адказаў: "Не пайду". А потым пакаяўся і пайшоў.
30 Зьвяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, сказаў: "Іду, гаспадару", але не пайшоў.
31 Хто з тых двух споўніў волю бацькі?" Кажуць: "Першы". Дык сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўстве Божым.
32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не пакаяліся, каб яму паверыць.
33 Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар дому, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і выехаў.
34 А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.
35 А вінаградары схапілі слугаў яго, і аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
36 Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.
37 У канцы паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".
38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі між сабой: "Гэта спадкаемец, хадземце, заб'ём яго і завалодаем ягонай спадчынаю".
39 Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
40 Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніку, што зробіць тым вінаградарам?"
41 Кажуць Яму: "Разбойнікаў строга выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час".
42 Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісаньні: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўна ў вачах нашых?"
43 Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу, які робіць плады яго.
44 Хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго".
45 Пачуўшы гэту Яго прыповесьць, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.
46 Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за прарока.