1 Калі затым нарадзіўся Езус у Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Герода, вось прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім
2 і пыталіся: "Дзе той кароль Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку ягоную на Усходзе дый прыбылі пакланіцца яму".
3 Пачуўшы гэтае, кароль Герод устрывожыўся, і увесь Ерузалім з ім.
4 Ды сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народа, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.
5 А яны яму сказалі: "У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
6 "І ты, Бэтлеем, зямля Юдзіна, ніякім чынам ня меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе зьявіцца Правадыр, які будзе валодаць Маім народам Ізраэлем".
7 Тады Герод тайком паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.
8 Ды, адпраўляючы іх у Бэтлеем, сказаў: "Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я прыйшоў пакланіцца Яму.
9 Яны, выслухаўшы караля, адправіліся ў дарогу. І вось зорка, якую — яны бачылі на Усходзе, папераджала іх, аж спынілася над месцам, дзе было Дзіця.
10 Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсьцешыліся.
11 І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіцятка з Марыяй, Маткай Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру.
12 І, атрымаўшы ў сьне наказ, каб не вяртацца да Герода, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
13 Калі яны адыйшлі, анёл Госпадаў аб'явіўся Язэпу ў-ва сьне і сказаў: "Устань, вазьмі Дзіця і Матку Ягоную ды ідзі ў Эгіпет, ды і заставайся там, пакуль не скажу табе. Бо Герод будзе шукаць Дзіцяці, каб Яго забіць".
14 Дык Язэп, устаўшы, узяў ноччу Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Эгіпет.
15 І заставаўся там да сьмерці Герода, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які казаў: "З Эгіпту пазваў Я Сына Майго".
16 Тады Герод, бачучы, што магі яго падманулі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які пытаўся ў магаў.
17 Тады споўнілася, што было прадказана прарокам Ярэміям, каторы казаў: "Чуецца голас у Раме, плач і стогн вялікі: Рахель плача па сынах сваіх і ня можа супакоіцца, бо іх няма".
18 Калі Герод памёр, вось паказаўся анёл Госпадаў Язэпу ў-ва сьне ў Эгіпце
19 і сказаў: "Устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што цікавалі на Яго жыцьцё".
20 Дык ён, сабраўшыся, ўзяў Дзіця і Маці Ягоную і вярнуўся ў зямлю Ізраэля.
21 Пачуўшы, што ў Юдэі каралюе Археляос па Геродзе, бацьку сваім, баяўся туды ісьці, і папярэджаны ў-ва сьне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.
22 Затым, прыбыўшы, абжыўся ў горадзе, званым Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: "Назарэем будзе звацца".