1 З Каралеўствам Нябесным будзе падобна, як з дзесяцьцю дзяўчатамі, каторыя са сьветачамі выйшлі сустрэць жаніха.
2 Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.
3 Тыя пяць неразумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы.
4 Разумныя ж узялі алівы ў свае пасудзіны разам са сьветачамі.
5 А як жаніх марудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
6 А паўночы ўзьняўся крык: "Вось жаніх ідзе, выходзьце яму на спатканьне".
7 Тады падняліся ўсе дзяўчаты і заагледзелі свае сьветачы.
8 Неразумныя сказалі мудрым: "Дайце нам вашай алівы, бо нашыя сьветачы тухнуць".
9 Разумныя адказалі ім: "Каб часам не хапіла і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе".
10 Калі яны пайшлі купляць, прыбыў жаніх, дык тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вясельле. І дзьверы зачынілі.
11 Пасьля прыйшлі і астаўшыяся дзяўчаты, просячыся: "Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!"
12 Але Ён у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам, што Я ня ведаю вас".
13 Дык чувайце, бо ня ведаеце дня ані хвіліны.
14 Таксама як адзін чалавек, выязджаючы далёка, склікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасьць.
15 І аднаму даручыў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін, кожнаму паводле ягонай здольнасьці, і адразу выехаў.
16 Той, катораму даручана было пяць талентаў, пайшоў і зарабіў імі другія пяць.
17 Падобна і той, катораму даручана было два, зрабіў другія два.
18 А той, катораму даручаны быў адзін, пайшоў закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.
19 Затым па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і пачаў рахавацца з імі.
20 Прыйшоўшы той, катораму даручана было пяць талентаў, прынёс пяць другіх талентаў і сказаў: "Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я здабыў другіх пяць талентаў".
21 Кажа яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
22 Прыйшоў таксама той, катораму даручаны былі два таленты, і сказаў: "Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, а я зарабіў другія два".
23 Сказаў яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
24 Прыйшоўшы і той, катораму даручаны быў адзін талент, сказаў: "Гаспадару, ведаю, што ты — чалавек жорсткі, жнеш, дзе не пасеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.
25 Дык баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю: вось бяры, што тваё".
26 У адказ гаспадар яго сказаў: "Слуга благі і гультай! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
27 Дык належалася б табе мае грошы даць банкірам, а я па павароце атрымаў, бы што маё, з прыбыткам.
28 Таму вазьміце ад яго гэты талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дабаўлена, і ён будзе мець удосталь; а ў таго, хто ня мае, адбяруць і тое, што мае.
30 А слугу нягоднага ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на троне славы сваёй.
32 І зьбяруцца перад Ім ўсе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.
33 І Ён паставіць авец па правым баку, а казлоў — па левым.
34 Тады скажа Кароль тым, што па правым баку Яго: "Хадзіце, багаслаўлёныя Айца Майго; атрымаеце Каралеўства, прыгатаванае вам ад заснаваньня сьвету.
35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы, і вы далі Мне піць; быў госьцем, і вы прынялі Мяне;
36 быў голы, і вы прыадзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў вязьнем, і вы прыйшлі да Мяне.
37 Тады справядлівыя скажуць: "Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе? Калі ж мы Цябе бачылі засьмягшым і далі Табе піць?
38 Або калі мы бачылі госьцем і прынялі Цябе, або голым і прыадзелі Цябе?
39 Або калі Цябе бачылі хворым або вязьнем і адведалі Цябе?"
40 І Кароль адкажа ім: "Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, тое Мне зрабілі".
41 Ды скажа тым, што на лева ад Яго будуць: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д'яблу і анёлам ягоным.
42 Бо быў Я галодны, і вы ня далі Мне есьці, быў Я засьмягшы, і вы не далі Мне піць;
43 быў Я госьцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не прыадзелі Мяне; быў хворым і вязьнем, і вы не наведалі Мяне".
44 Тады скажуць яны Яму: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або засьмягшым, або госьцем, або голым, або хворым, або вязьнем і не прыслужылі Табе?"
45 Тады, адказваючы, скажа ім: "Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, дык і Мне не зрабілі".
46 І пойдуць тыя на вечную муку, а справядлівыя — у жыцьцё вечнае".