1 Затым Езус, увайшоўшы ў лодку, пераправіўся (назад) і прыбыў у свой горад.
2 І зараз прынесьлі да Яго спараліжаванага, лежачага на ложку. І, бачачы іхнюю веру, (Езус) сказаў спараліжаванаму: "Вер, сыне, адпускаюцца табе твае грахі".
3 І вось жа некаторыя з кніжнікаў думалі сабе: "Ён блюзьніць".
4 Езус жа, пранікшы іх думкі, сказаў: "Чаму ліха думаеце ў вашых сэрцах?
5 Што лягчэй сказаць: "Адпускаюцца табе грахі", ці таксама: "Устань і хадзі?"
6 А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчаньня грахоў, — кажа тады спараліжаванаму: "Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой".
7 Дык той устаў і пайшоў да дому свайго.
8 Бачачы гэта, грамады праняліся страхам і славілі Бога, што даў такую моц людзям.
9 І, адыходзячы адтуль, убачыў Езус чалавека, імем Матэвуш, каторы сядзеў пры мытні. Дык сказаў яму: "Хадзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.
10 І сталася, калі Езус сядзеў за сталом у доме, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і сядзелі разам з Езусам і Яго вучнямі.
11 Бачачы гэта, фарысэі казалі вучням Ягоным: "Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць ваш Вучыцель?"
12 Пачуўшы ж гэта, Езус сказаў: "Не здаровым трэба лекара, але тым, што блага чуюцца.
13 Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры". Бо не прыйшоў Я прызываць справядлівых, але грэшнікаў".
14 Затым падышлі да Яго Янавы вучні і казалі: "Чаму гэта мы і фарысэі часта посьцім, а вучні Твае ня посьцяць?"
15 Сказаў ім Езус: "Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасьціць.
16 Ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзеньня, бо яна разьдзірае яго, і дзіра робіцца большай.
17 Таксама не ўліваюць маладое віно ў старыя мяхі, бо яно разрывае мяхі старыя, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Дык вось маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, і такім чынам адно і другое зьберагаецца".
18 Калі Езус гэта гаварыў, якраз адзін начальнік падыйшоў да Езуса, і пакланіўся, і сказаў: "Госпадзе, дачка мая перад хвілінай сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, і яна жыць будзе".
19 І Езус, падняўшыся, разам з вучнямі сваімі пайшоў за ім.
20 І вось жанчына, каторая праз дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Яго.
21 Бо казала сабе: "Калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, паздаравею".
22 Езус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: "Вер, дачка, вера твая аздаравіла цябе". І аздароўленай была жанчына ад тае хвіліны.
23 А Езус прыйшоў у дом начальніка, і ўбачыў жалейнікаў і натоўп галосячы, і сказаў:
24 "Адступецеся, не памерла дзяўчына, але сьпіць". Дык сьмяяліся з Яго.
25 А калі людзей выправілі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.
26 І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй той зямлі.
27 Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы: "Сыне Давідаў, зжалься над намі!"
28 А калі Езус увайшоў у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго. Дык Езус спытаўся ў іх: "Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?" Сказалі Яму: "Так, Госпадзе".
29 Тады Езус дакрануўся да іх вачэй і сказаў: "Хай вам станецца як вы верыце".
30 І адкрыліся вочы ім. А Езус прыгразіў ім, кажучы: "Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся".
31 Але яны, адыйшоўшыся, разславілі Яго па ўсёй той зямлі.
32 Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.
33 Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той прагаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: "Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлю".
34 Фарысэі ж казалі: "Сілай князя д'ябальскага выганяе ліхія духі".
35 І абходзіў Езус усе гарады і вёскі, вучачы ў сынагогах, і вешчучы Эвангельле Каралеўства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.
36 Бачачы людзей, Езус шкадаваў іх, бо былі зьняможаныя і кінутыя як авечкі бяз пастыра.
37 Затым сказаў вучням сваім: "Жніво вялікае, але працаўнікоў мала.
38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво сваё".