1 І ўвайшлі Майсей і Аарон да фараона, і сказалі яму: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Пусьці народ Мой, каб ён злажыў Мне ахвяру на пустыні».
2 А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я меў Яго слухаць і адпусьціць Ізраэля? Ня ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля».
3 І сказалі яны яму: «Гэта Бог Гебраяў явіўся нам. Дык вось мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб не наведаў Ён нас пошасьцю або мячом».
4 І сказаў ім кароль Эгіпту: «Чаму вы, Майсей і Аарон, стараецеся адцягнуць народ ад работаў іхніх? Ідзіце чым хутчэй да сваіх работаў».
5 І сказаў фараон: «Народ на зямлі ўжо надта вялікі, бачыце, як ён расьце, тым болей, калі яго адцягнеце ад работы».
6 І загадаў ён у той дзень наглядчыкам народу і пісарам ягоным, кажучы:
7 «Не давайце ўжо народу саломы на выраб цэглы, як раней, але хай самі ідуць і зьбіраюць салому.
8 А колькасьць цэглы, якую выраблялі раней, накладайце на іх і цяпер, і не зьмяньшайце ані трохі. Бо ходзяць без работы і таму кажуць: «Ідзёмце і складзем ахвяру Богу нашаму».
9 Дык уцісьнем іх работамі, і хай выпаўняюць іх, і не прыслухоўваюцца словам фальшывым».
10 І выступілі наглядчыкі народу і пісары іхнія, і сказалі народу: «Фараон так сказаў: «Ня дам вам саломы.»
11 Ідзіце і зьбярыце, колькі зможаце сабраць, але хай лічба вырабу працы вашай анітрохі ня зьменьшыцца».
12 І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць сьцяб'ё замест саломы.
13 А наглядчыкі падганялі іх, кажучы: «Выпаўняйце работу вашую ў час, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому».
14 І білі пісараў з сыноў Ізраэля, каторых наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце лічбы цэглаў як раней, ані ўчора, ані сягоньня?»
15 І прыйшлі пісары з сыноў Ізраэля, і казалі ў голас фараону: «Чаму так робіш адносна слугаў тваіх?
16 Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі сама. Вось жа б'юць слугаў тваіх і вінавацяць народ твой».
17 А ён адказаў: «Гультуеце вы і таму кажаце: «Хадземце і складзем ахвяру Госпаду».
18 Дык ідзіце і працуйце; саломы вам даваць ня будуць, а вырабляйце звычайную норму цэглаў».
19 І бачылі пісары з сыноў Ізраэля, што апынуліся яны ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не зьмяньшайце ані трохі дзённага вырабу цэглаў».
20 І калі выходзілі яны ад фараона, сустрэлі Майсея і Аарона, каторыя іх чакалі,
21 і сказалі ім: «Хай ўзгляне Госпад на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас ненавіснымі ў вачах фараона і слугаў ягоных, і далі яму меч у рукі, каб забіваў нас».
22 І зьвярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму перасьледуеш Ты народ Свой? Чаму паслаў мяне?
23 Ад таго часу, калі я пайшоў да фараона, каб прамаўляць у імя Тваё, ён стаў зьдзекавацца над народам Тваім, і не вызваліў Ты іх».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 5 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.