1 Зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і вісону зрабілі яны сьвятарскія шаты на служэньне ў сьвятыні, а таксама сьвятыя шаты для Аарона, як гэта загадаў Госпад Майсею.
2 І зрабілі яны эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.
3 І выкляпалі з золата бляшкі, і расьцягнулі іх у нітку, каб уткаць іх у фіялетавы і чырвоны пурпур, у кармазын і ў вісон умелай работай.
4 Зрабілі таксама два нараменьнікі, сьцягнутыя паміж сабой у абодвух верхніх канцох.
5 А пояс эфоду, каторы на ім, быў зроблены аднолькавай работаю таксама зь нітак залатых, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.
6 І прыгатавалі таксама два камяні оніксавыя, асаджаныя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх імёнамі сыноў Ізраэля.
7 І памясьцілі іх на абодвух нараменьніках эфоду як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
8 Зрабілі таксама нагруднік мастацкаю работай, як і эфод, з золата, з пурпуру фіялетавага і чырвонага, з кармазыну і кручанага вісону.
9 Нагруднік быў квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня — у адну пядзю.
10 І прымацавалі на ім чатыры рады каштоўных каменьняў: у першым радзе рубін, тапаз, і шмарагд,
11 у другім радзе гранат, шафір і бэрыль,
12 у трэцім радзе яхонт, агат і амэтыст,
13 у чацьвёртым радзе хрызаліт, онікс і ясьпіс. Асаджаныя яны былі ў залатых аправах у адпаведных радах.
14 Гэтыя каменьні атрымалі імёны дванаццаці сыноў Ізраэля; і былі яны высечаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.
15 На нагруднік зрабілі два ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.
16 Зрабілі такжа да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і асаджана абодва гэтыя пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.
17 І ўцягнулі два залатыя ланцужкі праз абодвы пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.
18 І два канцы другія абодвух ланцужкоў прышылі да аправаў, якія прымацавалі да нараменьніка эфоду сьпераду.
19 Яшчэ зрабілі два залатыя пярсьцені і прымацавалі іх на абодвух іншых канцах нагрудніку на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду, як загадаў Госпад Майсею.
20 Наастатак зрабілі яшчэ два іншыя пярсьцені з золата і прышылі іх да абодвух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы, дзе эфод злучаецца з поясам.
21 Пасьля зьвязалі пярсьцені нагрудніка зь пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе, як загадаў Майсею Госпад.
22 Зрабілі таксама верхнюю шату пад эфод, усю тканую зь фіялетавага пурпуру.
23 Мела яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву з абшыўкай кругом адтуліны, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.
24 Унізе яе прышылі яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.
25 Зрабілі таксама званочкі з чыстага золата, і прышылі іх між яблыкамі гранату кругом,
26 каб званочак залаты і яблык гранату чаргаваліся на ніжнім крысе шаты, адзяванай першасьвятаром у час паслугаваньня, як загадаў Госпад Майсею.
27 Зрабілі такжа для Аарона і сыноў яго сукні, вытканыя зь вісону,
28 разам кідар зь вісону, мітры зь вісону і льняныя споднія з кручанага вісону,
29 поруч пояс з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, шматколерна вышываны, як загадаў Госпад Майсею.
30 Зрабілі такжа дыядэму з чыстага золата, і выразалі на ёй, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».
31 І прывязалі яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была на кідары, ды каб на пярэднім баку кідару была памешчана, як загадаў Госпад Майсею.
32 Так была скончана ўся работа што да пабудовы Скініі і Палаткі Сустрэчы. І сыны Ізраэля выканалі ўсё; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.
33 І прынесьлі да Майсея Скінію разам з палаткаю і ўсімі прыналежнасьцямі яе, кручкамі, дошкамі, жэрдкамі, слупкамі і падножкамі,
34 пакрыцьці, адны са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, другія са скураў дэльфінаў, разам прыкрываючую заслону,
35 Каўчэг Сьведчаньня з насіламі, накрыўку,
36 стол з усімі прыналежнасьцямі яго і з хлябамі пакладнымі,
37 і сьвечнік з чыстага золата зь лямпамі, расстаўленымі на ім, ды ўсе прыналежнасьці яго, і алей на асьвятленьне,
38 таксама залаты ахвярнік і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла, поруч заслону пры ўваходзе ў палатку,
39 ахвярнік зь медзі разам з кратай медзянай і насіламі ды ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,
40 заслону панадворка, слупкі і падножкі да іх, заслоны ля ўваходу ў панадворак, вяроўкі і калкі, ды ўсе другія прыналежнасьці, патрэбныя пры службе ў Скініі, у Палатцы Сустрэчы,
41 шаты з каштоўнага палатна для паслугі ў сьвятыні, і шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў ягоных.
42 Як загадаў Госпад Майсею, так вось усё выканалі сыны Ізраэля.
43 І калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, дабраславіў іх.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 39 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.