1 І выйшлі яны з Эліму, і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяцу ад іхняга выхаду зь зямлі Эгіпецкай.
2 І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасьць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона.
3 І сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі з рукі Госпада ў зямлі Эгіпецкай, калі сядзелі пры катлах зь мясам і калі мы елі хлеб удосталь. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасьць?»
4 І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб зь неба ў выглядзе дажджу; і хай народ выходзіць, і зьбірае кожны дзень паводле патрэбы дзённай. Гэтак хачу іх выспрабаваць, ці будуць яны хадзіць паводле Майго закону, ці не.
5 Але шостага дня хай згатуюць тое, што прынясуць, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што зьбіраюць яны штодзень».
6 Дык Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Вечарам пазнаеце, што Госпад вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.
7 На раніцы ўбачыце славу Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя супраць Госпада. Хто ж бо мы, што вы наракаеце на нас?»
8 І сказаў Майсей: «Вечарам дасьць вам Госпад мяса есьці, а раніцай дасыць хлеба ўдосталь, бо чуў Госпад нараканьні вашыя супраць Яго. Хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!»
9 І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: Станьце перад Госпадам, бо пачуў Ён нараканьні вашыя».
10 Калі вось Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, хвала Госпада зьявілася ім у воблаку.
11 І прамовіў Госпад да Майсея ў гэтыя словы:
12 «Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля, дык скажы ім так: Вечарам будзеце есьці мяса, а раніцай наясьцёся хлеба. І даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш».
13 І сапраўды, вечарам наляцела перапёлак, і накрылі яны табар, а назаўтра ляжала раса кругом табару.
14 Калі адкрыўся паверх пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, на падобнасьць шэрашы на зямлі.
15 Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?», бо ня ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад на яду.
16 Гэта загадаў вам Госпад: Кожны з вас зьбярэ для сябе па сваёй патрэбе, па гамору на чалавека; па колькасьці душаў, што пражываюць у палатцы, возьмеце».
17 Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней.
18 І мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў мала, не было нястачы. І кожны сабраў, колькі яму зьесьці.
19 Пасьля сказаў ім Майсей: «Хай ніхто з гэтага не пакідае да раніцы».
20 Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі з гэтага да раніцы, і завяліся ў іх чэрві, і пачало сьмярдзець. І загневаўся на іх Майсей.
21 І зьбіраў на раніцы кожны патрэбнае да яды, а калі сонца прыпякала, яно раставала.
22 У шосты ж дзень сабралі падвойную колькасьць яды, значыць, па два гаморы на чалавека. І сабраліся ўсе князі супольнасьці, і паведамілі Майсею.
23 А ён жа сказаў ім: «Гэта вось тое, што сказаў Госпад: Заўтра супачынак, сьвятая субота Госпадава. Што маеце пячы — пячыце, што маеце варыць — варыце, а што застанецца — пакіньце на раніцу».
24 І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не згніло яно, і чарвяк не завёўся.
25 І сказаў Майсей: «Ешце гэта сягоньня, бо гэта субота Госпадава, і ніхто хай не выходзіць на поле.
26 Шэсьць дзён зьбірайце, але ў сёмы дзень — субота Госпадава, і ня будзе нічога ў полі».
27 І надыйшоў сёмы дзень, і некаторыя зь людзей пайшлі зьбіраць, але нічога не знайшлі.
28 І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа ня будзеце хацець спаўняць прыказаньні Мае і закон Мой?
29 Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты дае вам яды на два дні. Дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць зь месца свайго ў сёмы дзень».
30 І сёмага дня народ сьвяткаваў суботу.
31 І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна,» бо была яна белая, як зерне каляндравае, а смак мела як мёд.
32 І сказаў Майсей: «Гэта загадаў Госпад: Напоўніце гамор (маннаю) і захавайце яго для будучых вашых пакаленьняў, каб аглядалі яны яду, якою карміў Я вас у пустыні па выхадзе вашым зь зямлі Эгіпецкай».
33 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі начыньне і запоўні яго гаморам манны, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленьня вашых».
34 І як загадаў Госпад Майсею, палажыў яе Аарон для захаваньня перад (каўчэгам) Сьведчаньня.
35 А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю абжытую; елі яны манну, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.
36 А гамор — гэта дзесятая частка эфы.