1 І сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад споўніць:
2 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень будзе вам сьвяты, субота і адпачынак для Госпада. Хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцю.
3 Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых».
4 І далей гаварыў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы:
5 Выдзяліце ў сябе дары для Госпада. Кожны па шчырасьці хай зложыць дар для Госпада: золата, серабро і медзь,
6 фіялетавы пурпур і чырвоны, і кармазын, і вісон, поруч казіную воўну,
7 скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў, а такжа дрэва акацыі,
8 алей у сьвечнікі, пахнілы на выраб алею памазаньня і пахкіх кадзілаў,
9 камяні оніксу і каштоўныя каменьні для аздобы эфоду і нагрудніка.
10 Хто з вас здольны, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад:
11 Скінію і палатку яе, і пакрыцьці, кручкі, дошкі з жэрдкамі, і падножкі іх;
12 Каўчэг і насілы, накрыўку і заслону, якая прыкрывае яе,
13 стол з насіламі і з усімі яго начыньнямі, поруч з хлебам пакладным;
14 сьвечнік на асьвячэньні з усімі яго прыналежнасьцямі, лямпы разам з алеем на асьвячэньне,
15 ахвярнік каджэньня з насіламі, алей для памазаньня, пахкае кадзіла і заслону на ўваход у скінію;
16 ахвярнік цэлапаленьня зь медзянымі кратамі, з насіламі і ўсімі яго прыналежнасьцямі, умывальнік зь яго падставаю;
17 заслоны на ўваход у панадворак зь вяроўкамі да іх;
18 калкі скініі і калкі панадворку зь вяроўкамі да іх;
19 шаты для паслугі ў сьвятыні, сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і для сыноў яго, каб служылі сьвятарамі».
20 Пасьля адыйшоў ад Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,
21 і пайшоў кожны добрай волі, і прынёс ахвотна дары для Госпада на пабудову Палаткі Сустрэчы, і што трэба было для служэньня і шатаў сьвятых.
22 Мужчыны і жанчыны, усе дабравольна прыносілі колцы, завушніцы, пярсьцёнкі і нашыйнікі; і ўсякае начыньне з золата было выдзелена ў дар Госпаду.
23 А таксама фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын, вісон і казіную воўну, скуры баранаў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў прыносілі ўсе, каторыя мелі іх у сябе.
24 Таксама серабро, і медзь, і дрэва акацыі на ўсякі ўжытак ахвяроўвалі Госпаду.
25 Таксама і жанчыны ўмелыя, якія пралі фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон,
26 і казіную воўну, дабравольна ўсе прыносілі.
27 А князі прыносілі каменьні оніксавыя і іншыя каштоўныя каменьні для аздабленьня эфоду і нагрудніку,
28 а па-за гэтым пахнідлы і алей ў свечнікі, і патрэбнае для вырабу алею памазаньня і пахкага кадзіла.
29 Усе сыны Ізраэля, мужчыны і жанчыны, каторых прынукала сэрца да складаньня дароў, патрэбных да выканання таго, што Госпад загадаў зрабіць за пасярэдніцтвам Майсея, прыносілі Госпаду дабравольна.
30 Тады Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось жа Госпад паклікаў імя Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,
31 і напоўніў яго Духам Божым і мудрасьцю, і ўмеласьцю, і ведаю на ўсякую працу
32 для сплянаваньня і выкананьня работы ў золаце і серабры, і медзі,
33 поруч да рэзаньня і ўстаўляньня каштоўных камянёў і для апрацоўкі дрэва і выкананьня ўсякае мастацкае работы.
34 Даў яму таксама ўмеласьць сэрца вучыць другіх, яму самому і Агаліябу, сыну Ахісамаха з пакаленьня Дана.
35 І напоўніў Ён іх абодвух мудрасьцю, каб рабілі ўсякую работу мастацкую ткача і вышывальніка фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і вісону, і звычайнай тканіны, спаўняючы ўсякую работу і задумваючы такжа новыя рэчы.