1 Калі б хто ўкраў вала або авечку і забіў бы іх або прадаў, то тады зьверне пяць валоў за аднаго вала, і чатыры авечкі за адну авечку.
2 Калі б хто схапіў злодзея, калі ён уломываецца або падкопваецца, і так бы яго пабіў, што той памёр, то ня будзе вінны крыві.
3 Але каб гэта зрабіў на ўзыходзе сонца, будзе вінен крыві. Злодзей абавязаны да аднагараджэньня, а калі ня меў бы, чым аднагарадзіць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.
4 Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці то вол, ці асёл, ці авечка, аддасьць у падвойнай колькасьці.
5 Калі хто спасе поле або вінаграднік і пусьціць быдла сваё, каб спасьвіць чужое поле, тады аднагародзіць тым, што мае найлепшае на сваім полі ды ў сваім вінагарадніку.
6 Калі ўзьнікне агонь і ахопіць церні, і спаліць сьцірту збожжа або стаячае на пню збожжа, або поле, то тады той, па чыёй прычыне ўзьнік пажар, павінен аднагародзіць шкоду.
7 Калі б хто даў другому грошы або каштоўныя рэчы на захаваньне, і яны б былі скрадзеныя ў доме таго чалавека, калі злодзей будзе выяўлены, павінен выплаціць падвойнае адшкадаваньне.
8 Калі б ня выяўлена злодзея, то тады той гаспадар дому стане перад Богам і прысягне, што ня выцягнуў рукі на дабро бліжнага свайго.
9 У кожнай справе спрэчнай, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзеньня, ці адносна ўсякай згубленай рэчы, аб каторай хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каторага Бог прызнае вінным, той зьверне другому ў два разы.
10 Калі б хто даручыў другому ў апеку асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна б збегла або скалечылася, або была зьведзеная ворагамі, і ніхто гэта ня бачыў,
11 то справу паміж абодвума вырашыць прысяга перад Госпадам, што перахоўваючы, адзін ня выцягнуў рукі на дабро другога; і хай гаспадар прыйме тое, што засталося, а той ня будзе плаціць аднагароды.
12 А калі будзе ўкрадзена ў яго, то ён павінен заплаціць гаспадару.
13 А калі тая жывёла разьдзёртая будзе дзікім якім зьверам, то ён прынясе яе як доказ і ня будзе плаціць.
14 Калі б хто пазычыў ад другога жывёлу, а яна акалячэла або пала ў адсутнасьці гаспадара, то павінен заплаціць упоўні.
15 Але калі гаспадар прысутнічаў, то ня плаціць. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.
16 Калі б хто зьвёў дзяўчыну яшчэ не заручаную ды спаў зь ёй, хай заплаціць плату, складаную пры заручынах, ды возьме яе за жонку.
17 Калі б бацька не згадзіўся аддаць яе яму, тады павінен ён заплаціць столькі, колькі вымагае плата, складаная пры заручынах.
18 Не дазволіш жыць чараўніцы.
19 Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны сьмерцяй.
20 Хто б складаў багам па-за адзіным Госпадам ахвяры, будзе пакараны сьмерцяй.
21 Прыхадня не ўціскай і не перасьледуй, бо прыхаднямі і вы самі былі ў зямлі Эгіпецкай.
22 Удаве і сіраце не рабіце крыўды.
23 Калі іх будзеш крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю кліч іхні,
24 і разгарыцца гнеў Мой, і выгублю вас мячом, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашыя — сіротамі.
25 Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народу, які пражывае побач цябе, ня будзеш яму ліхвяром, і не накладай на яго адсоткі.
26 Калі ў заклад возьмеш плашч ад бліжняга свайго, перад заходам сонца аддай яму,
27 бо гэта адзіная яго шата, якой акрывае ён цела сваё, і ня мае іншага, пад чым спаў бы. Калі бо будзе ён прызываць Мяне, Я выслухаю яго, бо Я міласэрны.
28 Ня блюзьні Богу і не праклінай начальніка народу свайго.
29 Не марудзь з ахвяраю са шчодрасьці току твайго і тоўчні вінаграду. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх.
30 Тое самае зробіш з першародным з быкоў і авечак. Сем дзён хай будзе ён пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне.
31 Вы будзеце Мне людзьмі сьвятымі. Ня ешце мяса зьвера, разьдзёртага на полі, але кіньце яго сабакам.