1 І зробіш ахвярнік з дрэва акацыі, які будзе мець пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, значыць квадратны, і тры локці вышыні.
2 І зробіш рогі на чатырох вуглах яго так, каб рогі выставалі зь яго ўверх, і пацягнеш яго медзьдзю.
3 І зробіш папяльніцы на высыпаньне ў іх попелу, таксама лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы; усе прыналежнасьці зробіш зь медзі.
4 Зь медзі зробіш да яго крату ў форме сеткі, а на чатырох вуглах — колцы зь медзі.
5 І ўмацуеш крату зьнізу пад краем ахвярніка так, каб сетка даставала да паловы ахвярніка.
6 І зробіш насілы да ахвярніка з дрэва акацыі ды пацягнеш іх медзьдзю,
7 і ўкладзеш насілы ў колцы, і будуць насілы з абодвух бакоў ахвярніка, калі будуць яго пераносіць.
8 І зробіш яго з дошкаў так, каб быў пусты ўнутры. Як паказана табе на гары, хай так зробяць.
9 І зробіш панадворак скініі. На яго паўдзённым баку заслоны будуць з кручанага вісону, даўжынёй у сто локцяў з аднаго боку.
10 А да таго дваццаць слупкоў і дваццаць падножкаў зь медзі, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.
11 Таксама на паўночным баку будуць заслоны ў сто локцяў даўжыні; і слупкоў для іх дваццаць, і падножак для іх дваццаць медзяных, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.
12 Ушыркі панадворку з заходняга боку будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупкоў для іх дзесяць, і падножкаў дзесяць.
13 У шырыню панадворак зь пярэдняга боку, што глядзіць на ўсход, — пяцьдзесят локцяў.
14 У адзін бок будуць заслоны ў пятнаццаць локцяў, а да таго тры слупкі і тры падножкі.
15 І заслоны з другога боку будуць у пятнаццаць локцяў, і слупкоў для іх тры, і падножкаў для іх тры.
16 А пры ўваходзе на панадворак — заслона ў дваццаць локцяў зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываная, а да таго чатыры слупкі і чатыры падножкі.
17 Усе слупкі кругом панадворку павінны быць заагледжаныя ў серабраныя зьвязы, і кручкі зь серабра будуць, а падножкі — зь медзі.
18 Даўжыня панадворку будзе сто локцяў, шырыня — пяцьдзесят, а вышыня — пяць локцяў; (усё будзе) з кручанага вісону і будзе мець медзяныя падножкі.
19 Усе прыналежнасьці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй, усе яе калкі і калкі панадворку будуць зь медзі.
20 І загадаеш сынам Ізраэля, каб прынесьлі ў сьвечнік алей чысты, выціснуты з алівак, каб гарэла сьвятло ва ўсякі час
21 у Палатцы Сустрэчы на вонкі заслоны, каторая перад Сьведчаньнем. І будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, каб ад вечара да раніцы гарэў перад воблікам Госпадавым. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні сыноў Ізраэл.