1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі і выйдзі адсюль з гэтага месца, ты і народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай у зямлю, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы ім: Я дам яе патомству твайму.
2 І Я пашлю перад табой анёла, і выганю Хананейцаў, Амарэйцаў, Гетытаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў.
3 І ўвойдзеш ты ў зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, але Я Сам не пайду з табой, каб цябе ня выгубіць па дарозе, бо ты — народ цьвёрдага карку».
4 Народ, чуючы гэтыя строгія словы, адзеўся ў жалобу і не ўсклаў на сябе сваіх аздобаў.
5 Тады сказаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: Вы — народ цьвёрдага карку, і каб Я хоць хвілінку пайшоў пасярод цябе, вынішчыў бы цябе. Дык адкінь аздабленьні свае, а Я пагляджу, што маю зрабіць з табою».
6 І зьнялі сыны Ізраэля зь сябе аздобы перад адыходам з-пад гары Гарэб.
7 А Майсей ўзяў і паставіў палатку сабе за табарам, і назваў яе Палаткаю Сустрэчы. І кожны, хто хацеў зьвярнуцца да Госпада, ішоў да Палаткі Сустрэчы, каторая была па-за табарам.
8 Колькі разоў Майсей ішоў да Палаткі, увесь народ уставаў ля ўваходу ў свае палаткі і глядзеў на Майсея, аж пакуль ён не ўваходзіў у Палатку.
9 Колькі ж разоў Майсей уваходзіў у Палатку, зыходзіў слуп воблачны і станавіўся ля ўваходу ў Палатку, і тады (Госпад) гаварыў з Майсеем.
10 А ўвесь народ бачыў, як слуп воблачны станавіўся ля ўваходу ў Палатку. І ўвесь народ падымаўся, і кожны пакланяўся ля ўваходу ў сваю палатку.
11 І гаварыў Госпад з Майсеем тварам у твар, як звычайна гаворыць чалавек зь сябрам сваім. Пасьля Майсей вяртаўся ў табар, а слуга ягоны, Ешуа, сын Нуна, юнак, не выходзіў з Палаткі.
12 І сказаў Майсей Госпаду: «Вось жа Ты загадваеш мне, каб я вывеў народ гэты, але ня выявіў мне, каго пашлеш са мною. Ты ж сказаў: «Ведаю цябе па іменьні, і знайшоў ты ласку ў Мяне».
13 Дык пакажы мне дарогу Тваю, каб я пазнаў Цябе і знайшоў спагаднасьць у вачах Тваіх. Ведай таксама, што народ гэты — гэта Твой народ».
14 Госпад сказаў: «Воблік Мой пойдзе, і Я дам табе супакой».
15 Майсей сказаў тады: «Калі Ты ня пойдзеш Сам з намі, то не выводзь нас з гэтага месца.
16 Па чым пазнаем я і народ Твой, што знайшлі мы ласку на віду Тваім, калі не па тым, што Ты пойдзеш з намі, каб я і народ Твой праславіліся перад усімі народамі, каторыя жывуць на зямлі?»
17 І сказаў Госпад Майсею: «Тое, пра што ты просіш, Я зраблю, таму што ты знайшоў ласку перад воблікам Маім і таму што Я ведаю цябе па іменьні».
18 І сказаў Майсей: «Пакажы мне хвалу Тваю».
19 (Госпад) адказаў: «Я пакажу табе ўсю Маю дабрыню і выяўлю перад табою імя Госпада; і пашкадую, каго захачу, і міласьцівы буду таму, хто будзе Мне падабацца».
20 І яшчэ сказаў: «Ня можаш бачыць вобліку Майго, бо ніводзін чалавек ня можа аглядаць Мяне і заставацца пры жыцьці».
21 І дадаў: «Вось жа месца каля Мяне, стань на скале;
22 калі будзе праходзіць хвала Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы і палажу правіцу Маю на цябе, аж пакуль перайду.
23 А калі прыму руку Маю, убачыш Мяне ззаду, але вобліку Майго табе не пакажу».