1 І сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай:
2 «Месяц гэты будзе вам пачаткам месяцаў, і будзе ён першым месяцам году.
3 Гаварыце ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля і скажыце ім: У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягнё на сям'ю сваю і на дом свой.
4 А калі лік сям'і будзе замалы для спажыцьця ягняці, хай возьмуць каго з бліжэйшых суседзяў каля свайго дому паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцьця ягняці.
5 Хай ягнятка будзе без заганы, самец гадавы. Паводле гэтага спосабу можна ўзяць і казьлянё.
6 І захаваеце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады пад вечар заб'е яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.
7 І возьмуць крыві ягонай, каб памазаць ёю вушакі і парогі дамоў, у якіх будуць яго спажываць.
8 І будуць есьці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкаю травою.
9 Ня ешце зь яго нічога сырога ані зваранага ў вадзе, але ешце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і нутро.
10 Нічога зь яго хай не застанецца да раніцы; калі б што засталося, спаліце на агні.
11 Так вось спажывайце яго: падперажыце паясьніцы вашыя і мейце сандалы на нагах, трымаючы палкі ў руках, ешце пасьпешна, гэта бо ёсьць Пасха Госпада!
12 У тую ноч Я перайду праз Эгіпет і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і правяду суд над усімі багамі Эгіпту. Я — Госпад.
13 Кроў будзе вам на азначэньне дамоў, у каторых будзеце прабываць. Калі пабачу кроў, прайду між вас, і ня будзе між вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду караць зямлю Эгіпецкую.
14 Дзень гэты стане вам памятным днём, і сьвяткаваць яго будзеце як сьвята для ўшанаваньня Госпада праз усе пакаленьні вечным сьвятам.
15 Сем дзён будзеце есьці праснакі. З самага першага дня прымеце ўсё кіслае з дамоў вашых, бо хто б еў кіслае ад першага дня да сёмага, зьнішчана будзе душа тая спаміж Ізраэля.
16 Першы дзень будзе сьвятым і ўрачыстым, і дзень сёмы будзе сьвяткавацца таксама з урачыстасьцю. Ніякай работы ня будзеце рабіць у тыя дні, за выняткам той, што трэба для прыгатаваньня яды.
17 Захоўвайце сьвята праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыны вашыя зь зямлі Эгіпецкай. Захавайце гэты дзень у пакаленьні вашыя як пастанову вечную.
18 Чатырнаццатага дня першага месяца зь вечара павінны вы есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
19 Сем дзён ня будзе ў вашых дамах ніякай кісьлі, бо хто б еў штосьці квашанае, зьнішчана будзе душа яго спаміж сабраньня Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.
20 Нічога квашанага ня будзеце есьці. Ва ўсіх дамах вашых маеце есьці праснакі».
21 І склікаў вось Майсей усіх старшыняў сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Выбярыце і вазьміце ягнё для вашых сем'яў і забіце як пасху.
22 І вазьміце галінку гізопу, і занурыце яе ў крыві, якая ў місе, і крывёй зь місы пакрапіце парог і вушакі. Аж да раніцы не павінен ніхто з вас выходзіць за дзьверы дому свайго.
23 А калі Госпад будзе праходзіць, каб нішчыць Эгіпцянаў, і ўбачыць кроў на парозе і на вушаках, то абміне Госпад такія дзьверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсьці ў тыя дамы, каб забіваць вас.
24 І трымайцеся гэтага прыказаньня, як закону для цябе і для дзяцей тваіх на векі.
25 Калі ўвойдзеце ў зямлю, каторую дасьць вам Госпад, як абяцаў, трымайцеся гэтага звычаю.
26 Калі вас запытаюць дзеці: «Што гэта за сьвяты звычай?»,
27 дык скажыце ім: «Гэта ахвяра Пасхі на чэсьць Госпада, Каторы ў Эгіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля. Эгіпцян пазабіваў, а дамы нашыя захаваў». І народ тады ўкленчыў і пакланіўся.
28 І, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
29 Апоўначы Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, каторы сядзеў на троне, аж да першароднага вязьня, каторы сядзеў ў вастрозе, і ўсё першароднае жывёлы.
30 І ўстаў ноччу фараон, і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет, і падняўся вялікі лямант у Эгіпце, бо не было дому, у каторым не было б нябожчыка.
31 І, паклікаўшы яшчэ ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце і ідзіце спаміж народу майго, як вы, так і сыны Ізраэлевы! Ідзіце і складайце ахвяры Госпаду, як вы казалі.
32 Бярыце авечкі вашыя і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».
33 І Эгіпцяне прынукалі народ, каб як найхутчэй выходзіў зь зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».
34 І ўзяў народ цеста незакавшанае, і дзежы, завернутыя накідкамі, і панёс на плячах сваіх.
35 І сыны Ізраэля зрабілі так, як ім загадаў Майсей, і пазычылі ў Эгіпцянаў посуд серабраны і залаты, і мноства адзеньня.
36 І Госпад даў спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў для народу, так што яны пазычалі і гэтак абрабавалі Эгіпцянаў.
37 І вырушылі сыны Ізраэлевы з Рамсэсу ў Сукот у ліку каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
38 Таксама многа іншапляменьнікаў пайшло зь імі, і авечкі, і быдла, і велізарны набытак.
39 Зь цеста, каторае вынесьлі з Эгіпту, напяклі яны бондачак прэсных, бо ня ўкісла цеста, таму што былі яны выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, каб прыгатаваць сабе страву на дарогу.
40 А час прабываньня сыноў Ізраэля ў Эгіпце трываў чатырыста трыццаць гадоў.
41 І вось у той самы дзень па чатырыста трыццацёх гадах выйшлі ўсе дружыны Госпада зь зямлі Эгіпецкай.
42 У гэтую ноч Госпад чуваў дзеля вываду іх зь зямлі Эгіпецкай. Таму гэтая ноч павінна быць чуваньнем на спахвалу Госпаду для ўсіх сыноў Ізраэля з пакаленньня ў пакаленьне.
43 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсьць закон Пасхі: Ніводзін чужынец ня можа яе есьці.
44 Аднак нявольнік, куплены за грошы, каторы прыняў абрэзаньне, можа яе спажываць.
45 Прыбылец і найміт ня могуць яе есьці.
46 У адным і тым самым доме мае яна спажывацца, нельга выносіць з дому найменшага куска мяса на двор, і косьці яе няхай ня ломяцца.
47 Усё сабраньне сыноў Ізраэля захавае гэта.
48 Калі б чужынец, прабываючы ў цябе, захацеў сьвяткаваць Пасху Госпадаву, то абрэж у яго ўсіх мужчынскага роду, і тады можаш дапусьціць яго да сьвяткаваньня Пасхі, бо тады будзе ён мець права тутэйшага. Ніводзін жа неабрэзаны ня можа есьці Пасхі.
49 Такі самы закон будзе для тутэйшых і для чужынцаў, што прабываюць у вас».
50 І ўсе сыны Ізраэля зрабілі так, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
51 У той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля дружынамі зь зямлі Эгіпецкай.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 12 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.