1 І сказаў Госпад Майсею:
2 «Вось выбраў Я Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,
3 і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, і розумам, і ўмеласьцю ва ўсякай працы,
4 здольнасьцю ў вырабах з золата, серабра і медзі,
5 і ў разьбе, і ва ўкладаньні каштоўных каменьняў, у разьбе з дрэва для выкананьня розных рэчаў.
6 І даю яму супрацоўніка Агаліяба, сына Ахісамаха з пакаленьня Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўлажыў Я мудрасьць, каб выканалі яны ўсё, што Я загадаў табе:
7 Палатку Сустрэчы, Каўчэг Сведчаньня, накрыўку, каторая на ім, і ўсе прыналежнасьці палаткі,
8 і стол, і ўсё яго начыньне, сьвечнік з найчысьцейшага золата і ўсе прылады, належачыя да яго, ахвярнік каджэньня,
9 ахвярнік цэлапаленьня і ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,
10 шаты тканыя і сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў яго, каб спаўнялі служэньне сьвятарскае,
11 і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла для сьвятыні. Усё, што табе загадаў, хай зробяць».
12 І зноў сказаў Госпад Майсею:
13 «Скажы сынам Ізраэля і паведамі ім: Глядзіце, каб вы захоўвалі суботу Маю, бо гэта знак паміж Мною і вамі для ўсіх пакаленьняў вашых, каб па гэтым можна было пазнаць, што Я — Госпад, Каторы асьвячае вас.
14 Дык беражыце суботу, бо яна сьвятая для вас. Хто спаганіў бы яе, будзе сьмерцяй пакараны. Хто працаваў бы ў суботу, то хай будзе зьнішчана душа яго спасярод народу свайго.
15 Шэсьць дзён будзеце выконваць працу сваю, а сёмы дзень — субота, сьвяты адпачынак для Госпада; кожны, хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцяй.
16 Хай берагуць сыны Ізраэля суботу і сьвяткуюць яе з пакаленьня ў пакаленьне сваё. Гэта запавет вечны,
17 паміж Мною і сынамі Ізраэля знак вечны; шэсьць бо дзён тварыў Госпад неба і зямлю, а ў сёмы дзень спыніў працу і супачыў».
18 Па спыненьні гэтае размовы на гары Сынай даў Госпад Майсею дзьве каменныя табліцы Сьведчаньня, напісаныя пальцам Божым.