1 Потым Бэцалеэль зрабіў каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго — два локці з паловаю, а шырыня і вышыня — паўтары локці.
2 І пацягнуў ён яго чыстым золатам усярэдзіне і звонку, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.
3 І адліў да яго чатыры залатыя колцы да чатырох вуглоў ягоных: два колцы да аднаго яго боку, а два колцы да другога яго боку.
4 З дрэва акацыі зрабіў таксама насілы і пацягнуў іх золатам,
5 і ў колцы на абодвух баках каўчэгу ўлажыў тыя насілы, каб насіць яго.
6 Таксама накрыўку зрабіў з чыстага золата; даўжыня яе два з паловаю локці, а шырыня яе — паўтары локці.
7 Выкуў таксама двух хэрубімаў з золата, і памясьціў іх на абодвух канцах накрыўкі:
8 аднаго хэрубіма на адным канцы, а другога хэрубіма на другім канцы накрыўкі. Хэрубімаў зрабіў разам з накрыўкай на абодвух яе баках.
9 Хэрубімы мелі крылы, узьнятыя ўгару, і закрывалі імі накрыўку, а твары мелі яны зьвернуты адзін да другога, і да накрыўкі твары хэрубімаў былі зьвернутыя.
10 І зрабіў стол з дрэва акацыі, у даўжыню — два локці, і ў шырыню — адзін локаць, а ў вышыню — паўтары локці,
11 і пацягнуў яго чыстым золатам, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.
12 І зрабіў кругом ліштву на чатыры пальцы шырокую, і зрабіў таксама залаты вянок навокал гэтае ліштвы.
13 Адліў пасьля чатыры залатыя колцы і прымацаваў гэтыя колцы да чатырох вуглоў, дзе знаходзяцца чатыры яго нагі.
14 Каля ліштвы знаходзіліся колцы да ўкладаньня насілаў з дрэва акацыі, каб насіць стол.
15 .....
16 З чыстага золата зрабіў таксама посуд да стала, місы і чашы, збанкі і кубкі на складаньне ахвяраў вадкіх.
17 І зрабіў сьвечнік з чыстага золата, з таго самага золата выкуў гэты сьвечнік разам зь яго падставай і сьцяблом, чашачкамі яго, поруч яблыкамі і кветкамі.
18 Шэсьць галінаў выходзіла зь яго бакоў, тры галіны сьвечніка з аднаго яго боку і тры галіны сьвечніка з другога яго боку.
19 На адной галіне знаходзіліся тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі, і тры чашачкі ў форме красак мігдалёвых на другой галіне зь яблыкамі і кветкамі. І так было на шасьці галінах, што выходзілі са сьцябла сьвечніка.
20 На сьцябле сьвечніка былі чатыры чашачкі ў форме красак мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі.
21 І адно яблыка было пад кожнымі дзьвюма выходзячымі зь яго галінкамі, і гэтак было пад шасьцёма галінамі, што выходзілі са сьцябла.
22 Гэтыя яблыкі і галіны былі адно са сьвечнікам і былі зроблены з таго самага чыстага золата.
23 І зрабіў сем лямпаў, а такжа шчыпцы і папяльнічкі з чыстага золата.
24 З талента вось чыстага золата зрабіў сьвечнік і ўсе яго прыналежнасьці.
25 Потым з дрэва акацыі пабудаваў ахвярнік каджэньня, квадратны; даўжыня аднаго боку яго — локаць, а вышыня яго — два локці; і выставалі зь яго рагі.
26 І пацягнуў яго чыстым золатам, верх яго і бакі ягоныя кругом, і яго рогі; і зрабіў на ім залаты вянок кругом.
27 Ніжэй ад таго вянка на двух яго баках памясьціў два залатыя колцы для ўкладаньня насілаў, каб можна было насіць ахвярнік.
28 А насілы зрабіў з дрэва акацыі і пацягнуў іх золатам.
29 Прыгатаваў таксама сьвяты алей для памазаньня, поруч пахкае кадзіла, як прыгатаўляе знаўца пахнідлаў.