1 Вось гэткія законы прадставіш ім:
2 Калі купіш нявольніка-Гебрая, ён будзе служыць табе шэсьць гадоў, а ў сёмы звольніш яго бяз выкупу.
3 Калі ён прыйшоў сам, адыйдзе сам, а калі меў жонку, адыйдзе з жонкаю.
4 Але калі гаспадар ягоны даў яму жонку, каторая нарадзіла яму сыноў і дачок, тады жонка і дзеці будуць належаць да гаспадара, а ён адыйдзе сам.
5 Калі б жа нявольнік сказаў: «Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзецей, і не хачу адыходзіць на свабоду»,
6 хай завядзе тады яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе да дзьвярэй або брамы, і хай праколе яму гаспадар ягоны шылам вуха, і будзе ён нявольнікам яго назаўжды.
7 Калі б хто прадаў сваю дачку, не адыйдзе яна, як адыходзяць іншыя нявольнікі.
8 А калі б яна не спадабалася гаспадару свайму, катораму была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе. Але ня мае ён права прадаць яе чужому народу, калі яе адкінуў.
9 Калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай зробіць зь ёю па праву дачок.
10 Калі ж ён возьме сабе іншую, ня можа адмовіць ёй жыўленьня, адзеньня і супольнага ложку.
11 Калі ж ня споўніць ён адносна яе гэтых трох умоваў, то тады адыйдзе яна дарма, бяз выкупу.
12 Калі хто так ударыць чалавека, што той памрэ, то хай будзе сьмерцяй пакараны.
13 Калі ж ня меў ён намеру забіць, але Бог (прыпадкам) выдаў яго ў рукі ягоныя, вызначу табе месца, у каторае павінен уцячы.
14 А калі хто наўмысна забіў бліжняга свайго і падступна (хаваўся ля ахвярніку), то ад ахвярніку Майго адцягні яго, і хай пакараны будзе сьмерцяй.
15 Калі б хто ўдарыў бацьку свайго або матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.
16 Калі б хто ўкраў чалавека і прадаў яго, або быў бы ён знойдзены ў яго, хай будзе пакараны сьмерцяй.
17 Хто плявузгае на бацьку або на матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.
18 Калі б хто ў звадцы ўдарыў бліжняга каменем або кулаком, і той не памрэ, а толькі зьляжа ў ложак,
19 то калі падымецца і стане хадзіць па двары з палкаю, тады той, хто яго ўдарыў, будзе свабодны, аднак аднагародзіць яму перапынак у працы і лячэньне.
20 Калі б хто пабіў нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і той памёр ад рук ягоных, павінен строга быць пакараны.
21 Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то ня будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасьць.
22 Калі б мужчыны, біючыся, ўдарылі цяжарную жанчыну і выклікалі спарон, але безь якой-колечы шкоды, то вінаваты будзе пакараны платаю, якую наложыць муж той жанчыны, і выплаціць яе пры пасярэдніках.
23 А калі б прычыніў шкоду, тады аддасьць жыцьцё за жыцьцё,
24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
25 апарэньне за апарэньне, рану за рану, сіняк за сіняк.
26 Калі б хто ўдарыў нявольніка або нявольніцу ў вока і спрычыніў страту яго, хай адпусьціць на волю за вока.
27 Таксама, калі б выбіў зуб нявольніку свайму або нявольніцы, хай пусьціць яго на свабоду за зуб.
28 Калі б бык пабоў мужчыну або жанчыну, і яны памерлі б, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго ня есца; і гаспадар быка ня будзе караны.
29 Калі, аднак, бык і раней боўся, і гаспадару была на гэта зьвяртана ўвага, але ён яго не пільнаваў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то бык павінен быць укаменаваны, а гаспадар павінен быць пакараны сьмерцяй.
30 Калі б налажылі на яго плату, то павінен за сваё жыцьцё даць толькі водкуп, які на яго наложаць.
31 Калі б бык пабоў хлопца або дзяўчыну, то маюць учыніць па тому самаму правілу.
32 А калі б бык забоў нявольніка або няволніцу, то яго гаспадар мусіць выплаціць іхняму гаспадару трыццаць сыкляў серабра, а бык будзе ўкаменаваны.
33 Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,
34 то гаспадар студні выплаціць аднагароду ў грошах, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.
35 Калі б бык аднаго гаспадара ўдарыў быка іншага гаспадара і забіў бы яго, тады прададуць жывога быка і падзеляцца платай за яго, падзеляцца таксама забітым быком.
36 Але калі б было вядома, што бык той боўся раней, і гаспадар яго не пільнаваў яго, тады аддасьць ён быка жывога, а забіты будзе належаць яму.