1 І сказаў Майсею (Госпад): «Узыйдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшых Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.
2 І толькі адзін Майсей зблізіцца да Госпада, але яны ня зблізяцца, ані народ ня ўзыйдзе зь ім».
3 Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і законы. А ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, каторыя Ён сказаў, — споўнім».
4 І запісаў Майсей усе словы Госпада. Назаўтра рана ўстаўшы, збудаваў ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна да лічбы дванаццаці пакаленьняў Ізраэля.
5 Потым даручыў юнакам з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэлапаленьня, і склалі Госпаду ахвяру прымірэньня зь цялят.
6 І ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чашы, а пазасталай часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.
7 Потым узяў ён Кнігу Запавету і чытаў яе ў голас народу, які сказаў: «Усё, што загадаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».
8 І ўзяў ён пакінутую кроў, і пакрапіў на народ, і сказаў: «Гэта кроў Запавету, каторы Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых словаў».
9 Пасьля ўзыйшлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшынь Ізраэля.
10 І ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з каменьня шафіру, і быццам самое неба ў пагоду.
11 І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; таму маглі яны глядзець на Бога, а потым елі і пілі.
12 І сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару і будзь там. Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і прыказаньні, каторыя Я напісаў, каб навучыць іх».
13 І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую,
14 і сказаў ён старшыням: «Чакайце тут, пакуль вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі. Калі б узнікла якая справа, зьвяртайцеся да іх».
15 І калі Майсей узыйшоў на гару, воблака закрыла яе.
16 І супачыла хвала Госпада на Сынаі, акрываючы яе воблакам шэсьць дзён. У сёмы ж дзень паклікаў (Госпад) Майсея зь сярэдзіны воблака.
17 А выгляд хвалы Госпада быў як бы палаючы агонь на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
18 І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару, і заставаўся Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй.