1 Ты вось вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі ягонымі спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне сьвятарамі: Аарона, Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.
2 І справіш адзеньне сьвятое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленьне.
3 Пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каторых надзяліў Я духам мудрасьці, каб справілі шаты Аарону для пасьвячэння яго, і ён будзе служыць Мне.
4 Такія вось маюць быць шаты, каторыя зробяць: нагруднік і эфод, верхняя шата, шата вышываная, кідар і пояс. Хай зробяць сьвятыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне сьвятарамі.
5 Хай яны возьмуць золата, фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон.
6 І хай зробяць эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону мастацкай работаю.
7 І будзе ён мець два нараменьнікі, злучаныя з сабою на абодвух найвышшых канцах.
8 А пояс эфоду, каторы паўзьверх яго, павінен быць аднолькавай зь ім работы з чыстага золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.
9 І возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраэля,
10 шэсьць імёнаў іх на адным камені і шэсьць імёнаў іншых на другім камені па чарзе нараджэньня іх.
11 Як разьбяр на камені выразае пячатку, так і ты на абодвух камянях выражаш імёны сыноў Ізраэлявых і асадзіш іх у залатыя аправы.
12 І два гэтыя камяні памясьці на абодвух нараменьніках эфоду. Гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. Вось жа Аарон будзе насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх на памяць.
13 А аправы зробіш з золата,
14 таксама два ланцужкі з чыстага золата, як кручаныя шнуркі, і прычэпіш іх да аправаў.
15 І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работай у такі самы спосаб, як эфод, з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, карамзыну і кручанага вісону.
16 Будзе ён квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня будзе ў адну пядзь.
17 Памясьці на ім чатыры рады дарагіх каменьняў: у першым радзе — рубін, тапаз і шмарагд,
18 у другім радзе — гранат, шафір і бэрыль,
19 у трэцім радзе — яхонт, агат і амэтыст,
20 у чацьвёртым радзе — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Будуць асаджаны яны ў залатых аправах у адпаведных радах.
21 Каменьні гэтыя атрымаюць імёны сыноў Ізраэля: будзе іх дванаццаць паводле іх імёнаў і будуць яны рэзаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.
22 Да нагрудніка зробіш ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.
23 І зробіш да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і прыправіш абодвы гэтыя пярсьцені на верхніх канцах нагрудніка.
24 Два залатыя ланцужкі працягнеш праз абодва пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.
25 Іншыя ж два канцы абодвух ланцужкоў прышыеш да двух аправаў, якія прымацуеш да нараменьнікаў эфоду сьпераду.
26 Пасьля зробіш яшчэ два іншыя пярсьцені і прымацуеш да двух ніжніх канцоў нагрудніка па беразе яго на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду.
27 Затым зробіш яшчэ два залатыя пярсьцені і прышыеш да двух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы сьпяцьця эфоду з поясам.
28 Потым зьвяжаш пярсьцені нагрудніка з пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе.
29 Такім чынам Аарон будзе насіць імёны сыноў Ізраэля, выпісаныя на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, каб заўсёды меў іх у памяці перад Госпадам.
30 У нагруднік судовы ўлажы Урым і Тумім, каторыя будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад воблікам Госпада. І так будзе насіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад воблікам Госпада заўсёды.
31 І зробіш верхнюю шату пад эфод, усю зь фіялетавага пурпуру.
32 І будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву і абшыўку вакол адтуліны тканую, падобную як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.
33 На яе краях унізе па колу прышыеш яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і званочкі залатыя кругом паміж іх.
34 Званок залаты і яблык гранату будуць на перамену вакол ніжняга крыса шаты.
35 І будзе адзявацца ў яе Аарон у час спаўненьня служеньня, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у Сьвятыню перад аблічча Госпада і выходзіць, і не памрэ.
36 І зробіш дыядэму з чыстага золата, на якой выражаш, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».
37 І прывяжаш яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была яна на пярэднім баку кідара.
38 І будзе яна на чале Аарона, бо Аарон панясе на сабе правіны, дапушчаныя ў сьвятых рэчах, калі будуць складаць сыны Ізраэля ахвяры і дары свае. І будзе дыядэма заўсёды на яго чале для атрыманьня яму ласкі перад Госпадам.
39 І вытчы шату зь вісону, і кідар зь вісону, і пояс, штучна вышываны.
40 А сынам Аарона зробіш шаты ільняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленьне.
41 І адзенеш у іх брата свайго Аарона і сыноў яго разам зь ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць Мне сьвятарамі.
42 І зробіш ім споднія порткі, каб хавалі голасьць цела ад сьцёгнаў аж да лытак.
43 І будуць карыстацца імі Аарон і сыны ягоныя, калі будуць уваходзіць у Палатку Сустрэчы або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у Сьвятыні, каб дзеля грэшнасьці не паўміралі. Гэта пастанова вечная будзе для Аарона і патомства ягонага па ім.