1 У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэлю з Эгіпту, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сынай.
2 Выйшлі яны з Рэфідыму, і дайшлі аж да пустыні Сынай, і разлажыліся табарам у тым месцы, і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары.
3 А Майсей узыйшоў (на гару) да Бога. І паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля:
4 Вы самі бачылі, што Я зрабіў Эгіпцянам, і панёс вас, як на крыльлях арліных, і прынёс вас да Сябе.
5 Дык калі будзеце слухаць голасу Майго і выконваць запавет Мой, вы станецеся Мне асаблівай уласнасьцю спаміж усіх народаў, бо Мая ўся зямля.
6 І вы будзеце Мне валадарствам сьвятароў і народам сьвятым. Гэта вось тыя словы, каторыя ты скажаш сынам Ізраэля».
7 І прыйшоў Майсей, і склікаў старшыняў народу, і прадставіў ім усё, што загадаў Госпад.
8 І ўвесь народ адказаў аднадушна: «Усё, што загадаў Госпад, — споўнім». І перадаў Майсей словы народу Госпаду.
9 І сказаў яму Госпад: «Вось Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў Госпаду словы народу.
10 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сягоньня і заўтра. Хай памыюць яны адзеньне сваё
11 ды хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народу на гару Сынай зыйдзе Госпад.
12 І вызначы народу мяжу кругом гары, і скажы яму: Высьцерагайцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца яе падножжа, бо хто дакранецца гары — будзе пакараны сьмерцю.
13 Хай і рука не дакранецца яе, бо вінаваты будзе ўкаменаваны або прабіты стралой; і чалавек, і жывёла ня могуць застацца пры жыцьці. Калі загучыць труба, хай тады падыйдуць пад гару».
14 І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і памылі яны адзеньне сваё.
15 І сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці, і не дакранайцеся жонак вашых».
16 На трэці дзень на сьвітаньні загрымелі грымоты з маланкамі, і цёмнае воблака ахінула гару, і пачуўся магутны гук трубы, так што ўвесь народ, які прабываў ў табары, дрыжэў ад страху.
17 І вывеў Майсей людзей з табару на спатканьне да Бога, і паставіў іх ля падножжа гары.
18 А ўся гара Сынай дымелася, бо зыйшоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым зь яе, як зь печы. І ўся гара трэслася страшэнна.
19 І гук трубы ставаўся штораз магутнейшы. Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму голасам.
20 І зыйшоў Госпад на гару Сынай, на самы яе верх, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узыйшоў,
21 сказаў яму: «Зыйдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсьці вызначанай мяжы, каб пабачыць Госпада, бо пагіне зь іх многа.
22 Таксама і сьвятары, каторыя маюць прыступіцца да Госпада, хай асьвяцяцца, каб Я ня выгубіў іх».
23 І сказаў Майсей Госпаду: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, Ты бо папярэдзіў і забараніў нам, кажучы: Вызначы мяжу кругом гары і асьвяці яе».
24 І сказаў яму Госпад: «Ідзі, зыйдзі ўніз, а потым прыйдзі ты і Аарон з табой, а сьвятары і народ хай не пераходзяць мяжы, каб наблізіцца да Госпада, каб Я не забіў іх».
25 І зыйшоў Майсей ўніз да народу, і ўсё ім пераказаў.