1 Тады вось сказаў Госпад усе гэтыя словы:
2 «Я — Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
3 Ня мей другіх багоў побач Мяне.
4 Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе, ані што на зямлі ўнізе, ані што ў вадзе ніжэй зямлі.
5 Не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавідзяць,
6 і аказвае міласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.
7 Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакіне бяз кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, надарэмна.
8 Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы.
9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і выконваць усе працы свае,
10 а сёмы дзень — субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, і сын твой, і дачка твая, нявольнік твой і нявольніца твая, жывёла твая і чужынец, каторы жыве ў цябе.
11 Бо ў шасьці днях стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што на іх ёсьць, і супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго багаславіў Госпад дзень суботы і ўсьвяціў яго.
12 Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быў ты даўгавечны на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
13 Не забівай.
14 Не чужалож.
15 Не крадзі.
16 Не гавары фальшывага сьведчаньня на бліжняга свайго.
17 Не квапся на дом бліжняга свайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані служанкі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць».
18 А народ увесь, чуючы грымоты і голас трубы, бачучы маланкі і гару дымячую, спалохаўся і дрыжэў ад страху, і стаяў здалёк,
19 і казаў Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць! Хай не гаворыць да нас Бог, бо паўміраем».
20 І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, каб выспрабаваць вас, прыбыў Бог, і каб страх Ягоны быў у вас, каб вы не грашылі».
21 І народ усё стаяў воддаль, а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у каторым быў Бог.
22 І сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: Вы самі бачылі, як Я зь неба да вас прамаўляў.
23 Не рабіце побач Мяне багоў серабраных, ані багоў з золата.
24 Зробіце Мне ахвярнік зь зямлі і на ім будзеце складаць цэлапаленьні і ахвяры прымірэньня вашыя, авечкі вашыя і валы; на кожным месцы, дзе Я загадаю табе ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і буду дабраславіць табе.
25 А калі пабудуеш Мне ахвярнік з каменьняў, то не будуй з каменьняў чэсаных, бо спаганіш яго, калі прыложыш да яго долата тваё.
26 Ня будзеш узыходзіць па прыступках да Майго ахвярніку, каб не адкрылася голасьць твая.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 20 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.