1 Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
2 А калі не захочаш адпусьціць, вось Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі.
3 І запоўніцца Рака жабамі, каторыя выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і ў ложак твой, і ў дамы слугаў тваіх і народу твайго, а таксама ў печы твае і дзежы твае.
4 І да цябе, і да народу твайго, і да ўсіх слугаў тваіх упаўзуць жабы».
5 І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Працягні руку сваю і палку на рэкі, ручаі і балоты і ўвядзі жабы ў зямлю Эгіпецкую».
6 І Аарон працягнуў руку сваю на воды Эгіпту, і выпаўзьлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.
7 Але чараўнікі зрабілі тое самае сваёю таёмнаю ведаю, і прывялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.
8 Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жабаў ад мяне і ад народу майго, тады выпушчу народ, каб склаў ахвяру Госпаду».
9 Адказаў Майсей фараону: «Падкажы мне, калі маю прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб Госпад ухіліў жабаў ад цябе і ад дамоў тваіх, каб засталіся яны толькі ў Рацэ».
10 Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Паводле просьбы тваёй зраблю гэта, каб ведаў ты, што няма нікога як Госпад, Бог наш.
11 І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, і застануцца толькі ў Рацэ».
12 І адыйшліся Майсей і Аарон ад фараона. І Майсей клікаў да Госпада адносна жабаў, як абяцаў фараону.
13 І Госпад выслухаў просьбу Майсея, і папрападалі жабы ў дамах, у вёсках і палях.
14 І сабралі іх у кучы, і зямля засьмярдзелася.
15 Калі фараон заўважыў, што настаў супакой, зноў зацьвярдзела сэрца ягонае, і не паслухаў ён іх, як і прадказваў Госпад.
16 І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Выцягні палку сваю і ўдар у пыл зямлі, каб замяніўся ў камары на ўсёй зямлі Эгіпецкай».
17 І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы палку, і ўдарыў у пыл зямлі, і паявіліся камары на людзях і на жывёлах; і ўвесь пыл зямлі абярнуўся ў камароў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
18 Падобна стараліся зрабіць чараўнікі сваёй таемнай ведай, каб выклікаць камароў, але не змаглі. А камары апанавалі і людзей, і жывёлу.
19 Тады чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы», але сэрца фараона закамянела, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.
20 Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і стань перад фараонам, бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: Гэта кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб Мне злажыў ахвяру.
21 Калі ня пусьціш народу Майго, то Я спашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўсякіх гатункаў мух. І запоўняцца мухамі дамы Эгіпцянаў, і нават зямля, на якой пражываюць.
22 І выдзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой пражывае народ Мой, каб там не было мухаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад на ўсёй зямлі.
23 І Я зраблю розьніцу паміж Маім народам і тваім народам. Заўтра будзе гэты знак».
24 І Госпад учыніў гэтак. І наляцела мноства мух у дамы фараона і слугаў яго, і на ўсю Эгіпецкую зямлю, і прападала зямля ад разнастайных мух.
25 І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, злажыце ахвяру Богу вашаму ў гэтай зямлі».
26 Але Майсей сказаў: «Нельга гэтага зрабіць, бо зьнявагай для Эгіпцянаў была б нашая ахвяра Госпаду, Богу нашаму, калі б злажылі мы ў ахвяру тое, што ў Эгіпцянаў не дазваляецца. Ці за гэта не ўкаменавалі б нас?
27 Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам».
28 Фараон сказаў: «Адпушчу я вас у пустыню, каб склалі вы ахвяру Госпаду, Богу вашаму, але далей не адыходзьцеся і маліцеся за мяне».
29 І сказаў Майсей: «Адыйшоўшыся ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага. Толькі хай фараон перастане ашукваць нас, не адпускаючы народ скласьці ахвяру Госпаду».
30 І выйшаў Майсей ад фараона, і маліў Госпада.
31 І Госпад учыніў паводле просьбы ягонай і аддаліў мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу яго, і не засталося зь іх ніводнай.
32 Але і гэтым разам закамянела сэрца фараона, і не пусьціў ён народ.