Ісаі 1 глава

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

Відзеж Ісаі, сына Амоса, які ён бачыў адносна Юды і Ерусаліму ў дні Узіі, Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды.
 

Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, прыхілі вушы, бо ГОСПАД прамаўляе: «Я выкарміў сыноў і ўзгадаваў іх, а яны пайшлі супраць Мяне.
 

Вол ведае гаспадара свайго, і асёл — жолаб уласьніка свайго, а Ізраіль ня ведае [Мяне], народ Мой не разумее».
 

Гора табе, народ грэшны, народ, абцяжараны беззаконьнем, насеньне ліхадзейскае, сыны сапсутасьці! Вы пакінулі ГОСПАДА, пагардзілі Сьвятым Ізраіля, павярнуліся сьпінай [да Яго].
 

Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі вы множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
 

ад стапы нагі аж да чубу галавы няма на ім месца здаровага, раны і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя, і алеем не злагоджаныя.
 

Зямля вашая спустошана, гарады вашыя агнём папалены; чужынцы топчуць палеткі вашыя на вачах вашых; спусташэньне як пасьля зьнішчэньня Садому.
 

Дачка Сыёну пакінута як намёт у вінаградніку, як будан у агародзе, як горад у аблозе.
 

Калі б ГОСПАД Магуцьцяў не пакінуў нам рэшты, сталіся б мы як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
 

Слухайце слова ГОСПАДА, князі Садомскія, пачуйце закон Бога нашага, народ Гаморы!
 

«Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? — кажа ГОСПАД. — Я насычаны цэласпаленьнямі казлоў і тлустасьцю кормных цялятаў; кроў валоў, бараноў і казлоў Мне абрыдла.
 

Калі вы прыходзіце перад аблічча Маё, хто жадае, каб вы тапталі панадворак Мой?
 

Не складайце больш ахвяраў пустых! Каджэньне абрыдла Мне. Сьвятаў маладзіка, суботаў і голасу сходаў не магу вытрываць, бо нягодныя ўрачыстасьці [вашыя].
 

Брыдзіцца душа Мая сьвятамі маладзіка і ўрачыстасьцямі вашымі. Яны сталіся Мне цяжарам, Я мучуся, іх пераносячы!
 

Калі вы выцягваеце рукі, Я адварочваю вочы Мае ад вас, і нават калі павялічыце малітвы вашыя, ня выслухаю, бо рукі вашыя ў крыві.
 

Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыбярыце ліхоту ўчынкаў вашых з вачэй Маіх! Спыніцеся чыніць зло!
 

Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра суд, дапамагайце пакрыўджанаму, абараняйце сіротаў, заступайцеся за ўдоваў!
 

Тады прыходзьце і спрачайцеся са Мною, — кажа ГОСПАД. Хоць бы грахі вашыя былі, як пурпур, як сьнег стануцца белымі; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, стануцца як воўна.
 

Калі вы скарыцеся і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцьці зямлі.
 

А калі адмовіцеся і ня будзеце слухаць, вынішчыць вас меч, бо гэта сказалі вусны ГОСПАДА!»
 

Як стаўся распусьніцай горад верны, поўны суду? Праведнасьць жыла ў ім, а цяпер — забойцы.
 

Срэбра тваё сталася жужалем, віно зьмяшалася з вадою.
 

Князі твае — бунтаўнікі і супольнікі злодзеяў; яны ўсе любяць падарункі і гоняцца за хабарамі, а не спагадаюць сіраце, і справа ўдоваў іх не цікавіць.
 

Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, Моцны Ізраіля: «Я буду цешыцца з супраціўнікаў Маіх, і адпомшчу ворагам Маім.
 

І павярну руку Маю на цябе, і лугам ачышчу руду тваю, і прыбяру ўсё волава тваё.
 

І ўзнаўлю судзьдзяў тваіх, як былі раней, і раднікаў тваіх — як было на пачатку. Тады назавуць цябе Горадам Праведнасьці, Цьвярдыняй вернай».
 

Сыён будзе выбаўлены праз правасудзьдзе, а тыя, што навернуцца ў ім — праз праведнасьць.
 

І [будзе] загуба для адступнікаў і грэшнікаў, і тыя, што пакідаюць ГОСПАДА, загінуць.
 

Бо сорамна будзе вам дзеля дуброваў, якія вам падабаюцца, у ганьбе будзеце дзеля садоў, якія вы сабе выбралі.
 

Бо вы станецеся як той дуб, лісьце якога ссохла, і як сад, у якім няма вады.
 

І станецца дужы як зрэб’е, а праца ягоная — як зьнічка, і згараць яны разам, і ня будзе каму тушыць.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.