1 Высьцерагаймася тады таго, каб калі яшчэ застанецца абяцаньне ўвайсьці ў Ягоны супакой, не падумаў хто з вас часамі, што Яго няма.
2 Дык жа і нам дадзена абяцаньне таксама як і тым, але ж не памагло ім чутае слова, бо не спалучана было яно вераю з тымі, якія гэта слова чулі.
3 А мы, паверыўшыя, уваходзім у супакой, так як Ён сказаў: Як пакляўся я ў гневе сваім, ня ўвойдуць яны ў супакой мой, хоць задумы Ягоныя былі закончаны ад аснаваньня (пачатку) сьвету.
4 Бо Ён сказаў у адным месцы пра сёмы дзень так: "І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх дзеяньняў сваіх".
5 А вось у гэтым зноў: "Ня ўвойдуць у супакой мой".
6 Дык вось застаецца, што ўвойдуць у супакой некаторыя, а тыя, якім было раней абяцана, ня ўвойдуць (не ўвайшлі) з прычыны недаверства свайго.
7 Дык зноў вызначае Ён (Бог) нейкі дзень "сёньня", кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, зацьвярджайце, не атупляйце сэрцаў вашых".
8 Калі б Езус (Навін) увёў іх у супакой, ніколі б не гаварыў пра іншае пасьля гэтага дня.
9 І так пакідаецца адпачынак ( шабат) для народа Божага.
10 Бо хто ўвайшоў у супакой Ягоны, таксама адпачне пасьля сваіх прац, як і Бог — пасьля Ягоных.
11 Стараймася тады ўвайсьці ў той супачынак, каб хто-небудзь не папаўся ў той самы прыклад недаверства.
12 Бо жывое Слова Божае і пасьлядоўнае, вастрэйшае ад усякага мяча абасечанага, яно пранікае ажно да раздзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку і асуджае думкі і намеры сэрца.
13 Ніводзін твор перад ім не скрыецца, усё вачам Яго абнажона і адкрыта, Яму належыцца ад нас разрахунак.
14 Маючы вось архісьвятара вялікага, прайшоўшага праз неба, Езуса, Сына Божага, трымаймася моцна веравызнаньня.
15 Бо ня маем мы такога Архісьвятара, які б ня мог споўпакутаваць у нашых немачах, але перажываўшага ўсё, падобна нам, апроч граха.
16 Хадзем жа тады з даверам да Ягонага трона ласкі атрымаць міласердзе і знайсьці ласку патрэбнай дапамогі.