1 З разважаных намі спраў аснаўной з'яўляецца: Мы маем такога Архісьвятара, які засеў праваруч трона Вялікасьці ў небе,
2 служыцеля сьвятыні і праўдзівае палаткі, пастаўленай Госпадам, а не чалавекам.
3 Кожны сьвятар устанаўляецца складаць дары і ахвяры, адсюль трэба, каб і той меў нешта для ахвяры.
4 Калі б ён заставаўся на зямлі, то ня быў бы сьвятаром, таму што ёсьць тут такія сьвятары, што складаюць дары па волі закона,
5 яны служаць вобразу і цені рэчаіснасьцяў нябесных. Калі бо Маісей меў паставіць палатку, то такім спосабам быў павучаны Богам: "Глядзі вось, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары".
6 Цяпер вось ён займае лепшую службу і на столькі, на колькі стаўся пасярэднікам лепшае ўгоды — тастаманту, які апіраецца на лепшых абяцаньнях.
7 Бо калі б тая першая ўгода была без заганы, то ня трэба было б шукаць на яе месца другой.
8 Ганячы іх, кажа: Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я складу з домам Ізраіля, і з домам Юды новую ўгоду
9 не паводле ўгоды, якую Я зрабіў з іх бацькамі, у дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпта. Калі яны ня вытрывалі ў маім законе, і Я пакінуў іх, кажа Госпад.
10 Вось жа ёсьць угода, якуя Я наладжу з домам Ізраіля ў тых днях, кажа Госпад: Дам закон Мой у іх думкі ды ў сэрцы іхнія ўпішу яго, і буду ім Богам, і яны самі будуць Мне народам.
11 І ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго, ані свайго брата, кажучы: Пазнай Госпада! Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найвялікшага з іх.
12 Бо міласэрным буду дзеля іх паступкаў і ня ўспомню больш пра іхнія грахі,
13 кажучы пра новае, першае прызнаў старым. А тое, што старое і здаўніваецца, тое блізкае зністажэньня.