1 У канцы сёмага году даруй даўгі.
2 Дараваньне даўгоў палягае на тым, што кожны пазыкадавец, каторы пазычыў бліжняму або брату свайму, даруе пазычаўшаму і ня будзе вымагаць звароту ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчаны год дараваньня на ўшанаваньне Госпада.
3 Ад чужога можаш вымагаць звароту доўга, але што будзе ў брата твайго, даруе рука твая.
4 Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую дасьць на ўласнасьць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
5 калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і выконваць кожны загад гэты, якія сёньня я табе загадваю.
6 Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе, як табе абяцаў. Будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто ня будзе панаваць.
7 Калі адзін з братоў тваіх, каторы пражывае ў адным з гарадоў тваіх, у зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасьці, не зацьвярдзі сэрца свайго адносна яго і не сашчамі рукі сваёй перад убогім братам тваім,
8 але адкрый яму руку сваю і шчодра дай яму пазыку, на колькі яму будзе патрэбная.
9 Сьцеражыся, каб не зьявілася ў сэрцы тваім нягодная думка: «Блізка сёмы год, год дараваньня», каб ліхім вокам не глядзеў ты на ўбогага брата твайго і ня даў яму дапамогі, бо ён будзе прызываць Госпада супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.
10 Але дай яму, колькі ён просіць, і хай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за тое будзе дабраславіць табе Госпад, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы рук тваіх.
11 Будуць убогія ў зямлі пражываньня твайго, дзеля таго я загадваю табе: Адкрывай руку сваю патрабуючаму і ўбогаму, які жыве з табою на зямлі.
12 Калі табе будзе прададзены брат твой, Гебрай або Гебрайка, хай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.
13 Вызваляючы, не дасі яму адыйсьці з пустымі рукамі.
14 Падаруеш яму штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.
15 Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і высвабадзіў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
16 А ён можа скажа: «Я не хачу адыходзіць, таму што люблю цябе і дом твой», бо добра яму ў цябе.
17 Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах дому твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і зь нявольніцай.
18 Хай ня будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, зрабіў табе падвойную плату найміта, а Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ва ўсім, што робіш.
19 Першародныя мужчынскага роду, каторыя родзяцца ў жывёлы і авец тваіх, маеш пасьвяціць Госпаду, Богу твайму, ня будзеш карыстацца ў працы першародным валом тваім і не стрыжы першароднага з авец.
20 Штогод на віду Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ сабе Госпад, Бог твой, будзеш спажываць іх ты і сям'я твая.
21 Калі б мела яно якую загану, будзе сьляпое, кульгавае або зь іншай якой спракудай, ня зложыш такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
22 а ў брамах тваіх спажывеш іх. Чысты і нячысты чалавек можа есьці яго, як сарну або аленя.
23 Толькі крыві іхняй ня еш, але, як ваду, вылі на зямлю.