Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 27 Паўтор Закону, 27 глава

1 Загадаў вось Майсей разам са старэйшымі Ізраэля ўсяму народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёньня абвяшчаю.
2 Калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую табе дасьць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя каменьні і абмаж іх вапнай,
3 каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсьці ў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, якая аплывае ў малако і мёд, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх.
4 Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя каменьні, як я вам сёньня загадваю, на гары Гэбаль і абмажце іх вапнай.
5 І пабудуй там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, з каменьняў, каторых не кранула жалеза,
6 з каменьняў нячэсаных, і злажы на ім ахвяру цэлапаленьня Госпаду, Богу твайму.
7 І складзі ахвяру прымірэньня, і еш там, і цешся на віду Госпада, Бога твайго;
8 і напішы на каменьнях усе словы Закону гэтага выразна і ясна».
9 Потым Майсей і сьвятары левіты прамовілі да ўсяго Ізраэля: «Маўчы, Ізраэль, і слухай. У дзень сягоньняшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго.
10 Будзеш слухаць голас Яго і спаўняць загады і прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе».
11 У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
12 «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сымон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн'ямін.
13 На гары ж Гэбаль для праклінаньня будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, Асэр, Забулён, Дан і Нэфталі.
14 І пачнуць левіты, і загамоняць гучным голасам да ўсяго Ізраэля:
15 «Пракляты чалавек, каторы зробіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесьніка і паставіць яго ў месцы схаваным!» І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
16 «Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маткай». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
17 «Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
18 «Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
19 «Пракляты той, хто крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
20 «Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча ягонага». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
21 «Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
22 «Пракляты той, хто лажыцца зь сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маткі сваёй». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».
23 «Пракляты той, хто лажыцца зь цешчай сваёй». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»
24 «Пракляты той, хто тайна забівае бліжняга свайго». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»
25 «Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную». І ўвесь народ адкажа: «Амэн»
26 «Пракляты той, хто не трымаецца словаў гэтага Закону, і не спаўняе іх на дзеле». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 27 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.