1 Захоўвай месяц Абіб і сьвяткаваньне Пасхі на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Эгіпту ноччу.
2 Складзеш ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авец і цялят у месцы, якое Сам Госпад, Бог твой, выбярэ, каб было там імя Яго.
3 Ня еш зь ёю хлеба квашанага. Сем дзён будзеш есьці з гэтымі ахвярамі праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешна выйшаў ты зь зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду зь зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго.
4 Не павінна быць у цябе нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; зь мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога хай не застанецца праз ноч да раніцы.
5 Ня можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой,
6 але толькі ў тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб прабывала там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту.
7 Сьпячы і зьеш на тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой; на раніцы ўстанеш і вернешся ў палаткі свае.
8 Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачыстае сабраньне на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, не працуй (у гэты дзень).
9 Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго дня, у каторым серп пачне жаць збожжа,
10 і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, з ахвярай паводле шчодрасьці рукі тваёй, складзенай згодна з тым, як падабраславіць табе Госпад, Бог твой.
11 Весяліся перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служанка твая, і левіт, прысутны ў вас, і прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб там прабывала імя Яго.
12 І прыпомніш сабе, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму будзеш берагчы і чыніць тое, што загадана табе.
13 Будзеш сьвяткаваць сьвята Палаткаў сем дзён пасьля збору пладоў з твайго току і тоўчні (вінаграду).
14 У гэта сьвята будзеш банкетаваць ты, і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служанка, таксама левіт, чужынец, сірата і ўдава, каторыя жывуць у брамах тваіх.
15 Сем дзён будзеш сьвяткаваць сьвяты Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбярэ Сам Госпад; бо дабраславіць табе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсіх пладах тваіх і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці.
16 Тры разы ў год хай пакажацца кожны мужчына на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбярэ Сабе: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Палаткаў. І ніхто хай не прыходзіць да Госпада з пустымі рукамі.
17 І кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславенства Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасьць.
18 Ва ўсіх гарадах тваіх, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой, установіш судзьдзяў і загадчыкаў працы на ўсе пакаленьні, каб судзілі людзей справядлівым судом.
19 Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, каторыя засьляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых.
20 Справядлівасьць спаганяй, каб ты жыў і атрымаў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
21 Не садзі сабе гаёў зь якіх-колечы дрэваў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе.
22 Ня стаў сабе слупы, бо гэта ненавідзіць Госпад, Бог твой.