Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 11 Паўтор Закону, 11 глава

1 Дык любі Госпада, Бога твайго, і захоўвай Ягоныя прыказаньні, і законы, і загады ўвесь час.
2 І вы даведаецеся сягоньня тое, чаго ня ведаюць дзеці вашыя, каторыя ня бачылі караньня Госпада, Бога вашага, вялікіх чынаў Ягоных, і дужай рукі, і ўзьнятага пляча,
3 знакаў і даконаў Ягоных, якіх даканаў Ён ў Эгіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй ягонай,
4 усім войскам Эгіпецкім, конямі і калясьніцамі; калі нахлынулі на іх воды Чырвонага мора, калі гналіся за вамі, і зьнішчыў іх Госпад, і так ёсьць да сягоньняшняга дня,
5 і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца,
6 і што зрабіў Ён Датану і Абіраму, сынам Эліяба, каторы быў сынам Рубэна, каторых праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, іхнія дамы і палаткі, і ўсю іхнюю маёмасьць, якую мелі сярод Ізраэля.
7 Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія чыны Госпада, каторых Ён даканаў,
8 каб вы выконвалі ўсе загады, каторыя сёньня я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і ўвайшлі, і ўзялі зямлю, у каторую ўваходзіце,
9 каб доўга жылі вы ў той зямлі, каторую з прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і патомству іхняму, у зямлі, ацякаючай малаком і мёдам.
10 Бо зямля, каторую ты ідзеш заняць, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з каторай ты выйшаў, у каторай, укінуўшы зерне, як у агародзе, паліваў працаю ног сваіх.
11 Зямля тая, якую ідзеш заняць, — гарыстая і лагчынная, патрабуючая дажджу,
12 зямля, якою Госпад, Бог твой, апякуецца, і вочы Ягоныя зьвернуты на яе адпачатку году аж да канца.
13 Дык калі ты будзеш слухаць загадаў Маіх, каторыя сёньня Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,
14 Я дам зямлі вашай дождж раньні і позьні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і аліву.
15 Таксама дам Я траву з палёў на кармленьне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся.
16 Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,
17 бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць, і пагінеце вы хутка на добрай зямлі, якую дасьць вам Госпад.
18 Дык захавайце гэтыя словы Мае ў сэрцы і ў душы вашай. Прывяжыце іх на знак на руках вашых і зрабіце іх павязкаю над вачыма вашымі.
19 Навучыце ім дзяцей вашых, паўтараючы іх ім, калі сядзіцё дома, калі ідзіцё дарогаю, калі кладзіцёся і ўстаецё.
20 І напішы іх над дзьвярыма дому свайго і над брамамі сваімі,
21 каб дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, каторую прысягнуў Госпад бацькам тваім, памножыліся на столькі, колькі днёў неба будзе над зямлёй.
22 Калі вось будзеце берагчы ўсе загады гэтыя, якія я загадваю вам, і будзеце спаўняць іх, і будзеце любіць Госпада, Бога вашага, і будзеце хадзіць ўсімі дарогамі Ягонымі і будзеце туліцца да Яго,
23 то Госпад прагоніць перад вамі ўсе гэтыя народы, і вы запануеце над імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.
24 Кожнае месца, на каторае стане нага вашая, будзе вашым: ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашыя.
25 Ніхто не ўстаіць супраць вас, бо Госпад, Бог ваш, навядзе страх перад вамі на ўсякую зямлю, на каторую вы ступіце, як Ён вам казаў.
26 Дык вось прапаную вам сягоньня дабраславенства і праклён:
27 дабраславенства, калі паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, каторыя я вам сягоньня абвяшчаю,
28 і праклён, калі не паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, але зыйдзеце з дарогі, каторую я вам сягоньня паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, каторых ня ведаеце.
29 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, каторую ты ідзеш атрымаць, тады абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Гэбаль.
30 Горы гэтыя за Ярданам, за заходняй дарогай у зямлі Хананейцаў, якія пражываюць у Арабе, насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.
31 Вы бо пяройдзеце празь Ярдан, каб завалодаць зямлёю, каторую Госпад, Бог ваш, дасьць вам, і будзеце жыць на ёй.
32 Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе прыказаньні і законы, каторыя я даю вам сягоньня.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 11 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.