1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных дзеля нейкай брыдкасьці, то хай напіша ён ёй пасьведчаньне разводнае, падасьць у рукі яе і адашле ў дом ейны.
2 А калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,
3 а той таксама зьненавідзіць яе, і дасьць ёй пасьведчаньне аб разводзе, і адашле ў дом ейны або калі б ён памёр,
4 то першы яе муж ня можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б абрыдай перад Госпадам. Дык не пагань зямлі тваёй, якую табе дае на валаданьне Госпад, Бог твой.
5 Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадзкі, але хай застаецца свабодны дома і хай адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.
6 Нельга браць у заклад каменя млыновага, верхняга ці сподняга, бо бралася б гэтым само жыцьцё ў заклад.
7 Калі будзе злоўлены чалавек, каторы зьневаляў каго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай будзе забіты. Так вынішчыш зло спасярод сябе.
8 Глядзі пільна, калі выбухне праказа, чаму вучаць вас сьвятары левіты, і што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.
9 Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.
10 Калі бліжняму свайму дасі якую рэч у пазыку, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць што ў заклад,
11 але пастаіш на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.
12 Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад гэты,
13 але зараз жа аддасі яму да заходу сонца, каб спаў ён у адзетку сваім і дабраславіў табе, і каб меў ты справядлівасьць на віду Госпада, Бога свайго.
14 Не адмаўляй платы патрабуючаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прыбыльцаў, каторыя жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,
15 але таго самага дня аддай яму плату за працу ягоную перад заходам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыцьцё ягонае, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.
16 Хай ня будуць забіваныя бацькі за сыноў, і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.
17 Не судзі крывадушна чужынца і сіраты, і ад ўдавы не бяры адзеньня ў заклад.
18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.
19 Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але хай застаецца ён для чужынца, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі, і застанецца некалькі на дрэве, не варочайся забраць іх, але хай застануцца яны для чужынца, сіраты і ўдавы.
21 Калі будзеш зьбіраць вінаград, не зьбірай застаўшыхся гронак, але пакінь іх на долю чужынца, сіраты і ўдавы.
22 Памятай, што і ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму я загадваю табе рабіць гэтак.