Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 21 Паўтор Закону, 21 глава

1 Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,
2 то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.
3 Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,
4 і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,
5 і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.
6 Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,
7 і скажуць яны: «Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.
8 Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю». І адпушчана будзе ім гэтая кроў.
9 Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе і зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.
10 Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
11 і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,
12 то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,
13 і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.
14 Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.
15 Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
16 то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,
17 але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.
18 Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,
19 дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,
20 і скажуць ім: «Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п'янству».
21 Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.
22 Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,
23 дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 21 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.