Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 18 Паўтор Закону, 18 глава

1 Сьвятары левіты, усё пакаленьне Левія, ня будуць мець часткі ані спадчыны ў Ізраэлі. Будуць харчавацца з ахвяраў, паленых на ўшанаваньне Госпада і спадчыны Яго.
2 Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо Госпад — спадчына іх, як Ён гэта сказаў ім.
3 Вось што належыць сьвятару з таго, што народ складае ў ахвяру: каторыя складаюць у ахвяру вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, пашчэмку і страўнік.
4 Аддаюць яму пяршыны збожжа свайго, віна, алею і пяршыны воўны ад стрыжкі авец.
5 Бо іх выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленьняў тваіх, каб яны прабывалі на віду Госпада, Бога твайго, служылі і дабраслаўлялі ў імя Госпада, яны і сыны іх у-ва ўсе дні.
6 Калі левіт, які пражывае ў адным з гарадоў усяго Ізраэля, захоча калі-небудзь пайсьці па жаданьню душы сваёй у месца, выбранае Госпадам,
7 і будзе служыць у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, каторыя прабываюць там на службе ў прысутнасьці Госпада,
8 хай атрымлівае для свайго пражываньня частку, роўную зь іншымі, незалежна ад прыбытку з свайго продажу бацькоўскага дому.
9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, каторую дае табе Госпад, Бог твой, сьцеражыся, каб не захацеў ты насьледаваць брыдотаў гэтых народаў.
10 Хай ня знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, або займаўся варажбой ці чарадзействам,
11 ці займаўся закляцьцямі, пытаўся ў духаў або выклікаў памёршых.
12 Брыдкі перад Госпадам кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх Госпад ад твайго аблічча.
13 Верным будзь і беззаганным перад Госпадам, Богам тваім.
14 Тыя вось народы, у зямлю каторых ты ўваходзіш, слухаюць варажбітоў і выклікаючых духаў, гэтага не дазваляе табе Госпад, Бог твой.
15 Прарока як мяне ўзьніме табе з народу твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой; Яго (прарока) слухайце.
16 Прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сабраньня, калі казаў ты: «Не магу болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці».
17 І сказаў мне Госпад: «Слушна тое, што яны сказалі табе.
18 Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, падобнага табе, і ўкладу словы Мае ў Ягоныя вусны, Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
19 Хто ж словаў Маіх, каторыя будзе вясьціць Прарок той у імя Маё не захоча слухаць, Я пакараю таго.
20 А прарок, каторы адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў, або ў імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці.
21 А калі ты падумаеш у сэрцы сваім: «Як я магу пазнаць словы, якія Госпад не гаварыў?»
22 Гэтакі будзеш мець знак: калі прарок прадказаў у імя Госпада, а ня споўнілася, значыцца Госпад гэтага не казаў, але ў сваёй пыхлівасьці гэта сам прарок прыдумаў, таму ня бойся яго.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 18 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.