Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 20 Паўтор Закону, 20 глава

1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што там і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай.
2 Перад распачацьцем бою хай выступіць сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
3 «Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёньня супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, не пужайцеся і не трывожцеся,
4 бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас зь небясьпекі».
5 Начальнікі хай аб'явяць народу, кажучы: «Хто з вас пабудаваў новы дом, а яшчэ яго не пасьвяціў, хай ідзе і варочаецца дамоў, каб часам не загінуў у баі і хто іншы яго не пасьвяціў.
6 Хто з вас завёў вінаграднік і не сабраў яго пладоў, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы сабраў бы плады.
7 Хто заручыўся з жонкаю, але не перавёў яе яшчэ да сябе, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы завёў бы яе да сябе».
8 Хай яшчэ начальнікі запытаюцца ў людзей: «Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, хай выступіць і ідзе дамоў, каб не напалохаў сэрцы братоў сваіх, як сам ён напалоханы»,
9 Як начальнікі скажуць усё гэта народу, тады вы павінны паставіць ваенных начальнікаў на чале народу.
10 Калі ты падыйдзеш пад горад, каб яго зваяваць, перш прапануй яму мір.
11 Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсьць, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.
12 А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, то аблажы яго.
13 І калі Госпад, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб'еш усіх мужчынаў мячом,
14 за выключэньнем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў ім знаходзіцца. Усю здабычу яго сабе возьмеш і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.
15 Так зрабі з усімі гарадамі, каторыя ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць уласнасьцю гэтых народаў.
16 Толькі ў тых гарадах, каторыя даюцца табе, не пакінеш нікога жывым,
17 але выб'еш мячом Гетытаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,
18 каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам сваім.
19 Калі доўгі час будзеш аблягаць горад, каб заваяваць яго, не сьсякай дрэваў яго, з каторых можаш жывіцца, плады яго можаш есьці, а яго самога не сьсякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
20 Калі ж дрэва не надаецца на ежу, сьсячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш гораду, каторы з табой ваюе.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 20 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.