Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 7 Паўтор Закону, 7 глава

1 Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да каторай ідзеш, каб завалодаць ёю, выганіць Ён перад табой многія народы, Гетытаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў, сем народаў большых і дужэйшых за цябе.
2 Госпад, Бог твой, аддасьць іх табе, а ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх клятву, і не заключыш зь імі ўгоду, і ня выявіш да іх літасьці.
3 Ня будзеш зь імі мець сужонстваў: іхнім сынам не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,
4 бо адыдуць твае сыны ад Мяне, каб служыць багам чужым. Тады ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.
5 Але вось так маеце зрабіць зь імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іх паламіце, сьвятыя гаі выражце, а статуі спаліце агнём.
6 Ты — народ, пасьвячаны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты яго выбраным народам з усіх народаў, якія пражываюць на зямлі.
7 Госпад выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,
8 але дзеля таго, што Госпад любіць вас і захаваў запавет, які заключыў з бацькамі вашымі, вывеў Ён вас рукою дужаю і выкупіў вас з дому няволі, з рукі фараона, караля Эгіпецкага.
9 І ведай, што Госпад, Бог твой, ёсьць Бог адзіны, Бог верны, каторы зьберагае запавет і аказвае міласэрдзе тым, што любяць Яго, і тым, што спаўняюць загады Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,
10 і адгаджае ненавісьнікам Сваім так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна аддае ім тое, на што заслужыліся.
11 Дык спаўняй загады, і прыказаньні, і законы, каторыя Я сёньня даю табе, каб ты спаўняў.
12 Калі вы будзеце слухаць гэтых загадаў, і выпаўняць іх, і берагчы іх, дык Госпад, Бог твой, зьберажэ запавет для цябе і акажа міласэрдзе, што запрысяг бацькам тваім,
13 і будзе любіць цябе, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, таксама збор вінаграду і алею твайго, і раджэньне жывёлы тваёй, рост авец тваіх на зямлі, як запрысяг бацькам тваім, што дасьць гэта табе.
14 Дабраслаўлены будзеш ты больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў статку тваім.
15 Ухіліць ад цябе Госпад усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
16 Ты выгубіш усе народы, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой. Хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзешь служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе на загубу.
17 Калі падумаеш у сэрцы сваім: «Народы ж гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць»,
18 ня бойся іх, але памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам:
19 вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, а таксама цуды, руку дужую і ўзьнятае плячо, якімі вывеў цябе Госпад, Бог твой: так зробіць Ён усім народам, каторых ты баішся.
20 І спашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, пакуль не пагінуць тыя, што засталіся, што хаваліся перад табой.
21 Дык ня бойся іх, бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
22 Ён будзе зьнішчаць гэтыя народы перад табою памалу. Ня будзеш іх нішчыць хутка, каб не разьвяліся супраць цябе зьвяры зямныя.
23 Выдасьць іх табе Госпад, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль не прападуць зусім.
24 У рукі твае аддасьць Ён каралёў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто не супрацівіцца табе, пакуль ня выгубіш іх.
25 Ідалаў іхніх спаліш агнём; і ня квапся на серабро і золата, якімі яны прыбраныя, анічога ня возьмеш зь іх сабе, каб не зьвяло цябе, бо гэта брыдота ў Госпада, Бога твайго.
26 Нічога паганага не ўнясеш у дом твой, каб ня стаў ты клятвай, як і яно. Гэта будзеш уважаць за рэч гадкую і паганую, будзеш брыдзіцца гэтым, бо праклятае яно.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 7 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.