Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 10 Паўтор Закону, 10 глава

1 У гэты час сказаў мне Госпад: «Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару. Зрабі таксама каўчэг з дрэва.
2 Я напішу на табліцах прыказаньні, каторыя былі на першых табліцах, пабітых табою, і ты ўложыш іх у каўчэг».
3 Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі і вычасаў дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках абедзьве табліцы.
4 І напісаў Ён (Госпад) на табліцах падобна, як быў раней напісаўшы, Дзесяць Прыказаньняў, якія абвясьціў вам Госпад на гары зь сярэдзіны агню пры сабраным народзе. І даў мне іх Госпад.
5 Я разьвярнуўся і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там засталіся яны, як мне загадаў Госпад.
6 А сыны Ізраэля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеазар, стаў сьвятаром на месца яго.
7 Адтуль прыбылі ў Гудгоду, а з Гудгоды ў Ётбату, у зямлю, шчодрую ручаямі.
8 У гэты час Госпад выбраў пакаленьне Левія, каб насілі Каўчэг Запавету Госпада і каб яны стаялі пры Госпадзе і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Яго па сёньняшні дзень.
9 Дзеля таго Леві ня мае часткі (зямлі) ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына яго — Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
10 І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і ў гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
11 І сказаў Ён мне: «Устань і ідзі, і ачольвай народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім».
12 А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў дарогамі Ягонымі, любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
13 каб выконваў ты загады Госпада і прыказаньні Ягоныя, каторыя я сягоньня загадваю табе, каб добра жылося табе.
14 Госпаду, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
15 Толькі да тваіх бацькоў прыхінуўся Госпад і ўзьлюбіў іх, і выбраў патомства іхняе па іх, значыць, вас выбраў з усіх народаў, як сёньня гэта пацьвярджаецца.
16 Дык абрэжце сэрца вашае і цьвёрдасьць карку вашага, каб больш не рабілі яго цьвёрдым,
17 бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі і страшны, Каторы не глядзіць на асобу ані на падарункі.
18 Ён дае справядлівасьць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзеньне.
19 Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай.
20 Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.
21 Ён — слава твая і Бог твой, Ён творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
22 У семдзесят душ перасяліліся бацькі твае ў Эгіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 10 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.