Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 30 Паўтор Закону, 30 глава

1 Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы дабраславенства і праклёну, каторыя я абвясьціў табе, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, у якія выгнаў цябе Госпад, Бог твой,
2 і вернешся да Яго, і будзеш слухаць Яго голас ва ўсім, што я сягоньня табе загадваю, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
3 тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю і пашкадуе цябе, і зноў сабярэ цябе з усіх народаў, у каторыя цябе перад тым выгнаў.
4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе Госпад, Бог твой, і возьме цябе,
5 і ўвядзе ў зямлю, якую мелі бацькі твае, і атрымаеш яе ва ўладаньне, і дабраславіць, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
6 Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца патомства твайго, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб жыў ты.
7 Тады зьверне Госпад, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, каторыя ненавідзяць цябе і крыўдзяць цябе.
8 Ты вось навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказаньні, якія я загадваю табе сягоньня.
9 Госпад, Бог твой, дасьць табе посьпех ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ўрадлівасьці зямлі тваёй табе на дабро. Уласкавіцца бо Госпад, каб цешыцца зь цябе, даючы ўсякія даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
10 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Ягоныя і прыказаньні, якія запісаны ў гэтым Законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
11 Загад гэты, які я табе сягоньня даю, ня ёсьць невыканальны для цябе, па-над магчымасьць тваю.
12 Ня ў небе ён памешчаны, каб мог ты жаліцца: «Хто з нас будзе магчы ўзыйсьці ў неба і прынесьці яго нам, каб маглі мы пачуць і выканаць яго?»
13 І не за морам ён, каб мог ты жаліцца і казаць: «Хто з нас можа пераплысьці мора і прынесьці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?»
14 Але ж слова гэтае блізка каля цябе, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
15 Глядзі, я прапаную табе сягоньня жыцьцё і шчасьце, сьмерць і няшчасьце.
16 Калі будзеш выконваць загады Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёньня, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго дарогамі, і захоўваў Яго загады, і прыказаньні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
17 А калі адвернецца сэрца тваё і не захочаш слухаць, і, зьведзены, паклонішся багам чужым, і будзеш ім служыць,
18 то я прадказваю вам сягоньня, што прападзецё і за кароткі час пагінеце на зямлі за Ярданам, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
19 За сьведкаў клічу неба і зямлю, што прапаную вам жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Дык выбірай жыцьцё, каб жыў ты і патомства тваё,
20 і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, Ён бо жыцьцё тваё і даўгавечнасьць твая, каб жыў ты на зямлі, якую абяцаў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасьць ім яе».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 30 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.