Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 29 Паўтор Закону, 29 глава

1 Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею заключыць з сынамі Ізраэля ў зямлі Маабу, апрача запавету, які заключыў зь імі на Гарэбе.
2 І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Эгіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі,
3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія,
4 ды ня даў вам Госпад сэрца разумеючага, вачэй бачачых і вушэй, каторыя маглі б чуць, аж да сягоньняшняга дня.
5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы на нагах вашых ад старасьці не знасіліся.
6 Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — Госпад, Бог ваш.
7 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сыгон, кароль Хешбону, і Ог, кароль Башану, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
8 І забралі мы іхнюю зямлю, і аддалі яе на ўласнасьць пакаленьням Рубэна і Гада і палове пакаленьня Манасы.
9 Дык захоўвавайце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што робіце.
10 Вы стаіцё сёньня ўсе ў прысутнасьці Госпада, Бога вашага; князі вашыя, начальнікі пакаленьняў вашых, старшыні вашыя, судзьдзі, таксама кожны Ізраэлец,
11 дзеці і жонкі вашыя, і чужаземец твой, каторы з табой прабывае ў табары, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, каторыя чэрпаюць ваду,
12 каб увайшоў ты ў запавет Госпада, Бога твайго, і прысягай запячтаў тое, што сёньня Госпад, Бог твой, заключыў з табою,
13 каб зрабіць цябе сягоньня Сваім народам, і каб Ён быў тваім Богам, як прырок табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
14 Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацьвярджаю яго прысягай,
15 але з усімі тут прысутнымі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёньня тут няма.
16 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпцкай і як ішлі між народамі, празь якія вы прайшлі.
17 Бачылі вы брыдоты і ідалы іхнія, дрэвы і камяні, серабро і золата, якім яны пакланяліся.
18 Хай ня будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям'і або пакаленьня, каторага сэрца было б адвярнуўшыся ад Госпада, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, родзячы атруту і палын.
19 Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, думаючы: «Супакой душы мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасьці сэрца свайго,» той сьцягвае загубу на зямлю як наводненую, так і сухую.
20 Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Ягоны і лютасьць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку, і выкрасьліць Госпад імя яго спад неба,
21 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленьняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных ў гэтай кнізе Закону.
22 Тады будучыя пакаленьні, сыны вашыя, каторыя народзяцца пасьля вас, і здалёка прыйшоўшы чужынец убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яго Госпад, і скажуць:
23 «Серка і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасьля загубы Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, каторыя Госпад зьнішчыў у гневе Сваім і ярасьці».
24 Тады скажуць усе народы: «Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму так страшна ўзгарэўся Яго гнеў?»
25 І адкажуць: «Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён зь імі, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай,
26 і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся ім, тым, каторых ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў,
27 таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку.
28 І выгнаў Ён іх зь зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня».
29 Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага Закону.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 29 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.