Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 25 Паўтор Закону, 25 глава

1 Калі ўзьнікне звадка паміж людзьмі, то хай прывядуць іх у суд і судзяць іх, і за справядлівага прызнаюць нявіннага, а вінаватага пакараюць.
2 Калі вось судзьдзя таго, хто дапусьціўся праступку, прызнае вартым пакараньня, дык паложаць таго на зямлі і ў яго прысутнасьці будуць біць, гледзячы на вялікасьць праступку.
3 Але не атрымае ён больш як сорак удараў, каб праз павелічэньне ўдараў над гэтую лічбу біцьцё не было над меру, і ня быў спаганены брат твой у вачах тваіх.
4 Не завязвай пысы валу малоцячаму.
5 Калі браты будуць жыць сумесна і адзін зь іх памрэ, і ня будзе мець сына, то ня выйдзе жонка памёршага замуж за каго іншага па-за сям'ёй, але швагер яе павінен узяць яе за жонку сабе і аднавіць патомства брата свайго.
6 І найстарэйшаму сыну, каторага народзіць яна, дадуць імя памёршага брата, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.
7 Калі б той мужчына не хацеў узяць сваёй братавай за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: «Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлю, ня хоча жаніцца са мною».
8 Старшыні гэтага гораду паклічуць яго і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,
9 дык тады братавая падыйдзе да яго і на вачах старшыняў здыме яму сандал з нагі, плюне яму ў твар і скажа: «Так робяць з чалавекам, каторы ня хоча адбудаваць дому брата свайго».
10 І будзе названа імя яго ў Ізраэлю: «Дом разутага».
11 Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, а жонка аднаго зь іх, хочучы вырваць мужа з рук б'ючага, выцягне руку і схопіць яго за сорам ягоны,
12 адрэжаш ёй рукі, ня будзеш мець літасьці над ёй.
13 Ня май ў мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
14 Ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
15 Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая; і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой.
16 Бо брыдзіцца Госпад, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто паступае несправядліва.
17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.
18 Заступіў ён табе дарогу і напаў на ўсіх змучаных голадам, на ўсе апошнія шэрагі твае, калі ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.
19 Дык калі Госпад, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, акружаючых цябе, у зямлі, якую дасьць табе, ты сатрэш імя Амалека спад неба. Глядзі, не забудзься.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 25 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.