1 Дык Майсей з раўніны Маабу ўзыйшоў на гару Нэбо, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму Госпад усю зямлю Гілеад аж да Дану,
2 і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,
3 Нэгэб і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цоару.
4 І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсьць тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: «Я дам яе патомству твайму». Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе».
5 Там, у зямлі Маабу, з волі Госпада памёр Майсей, слуга Божы.
6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Маабу насупраць Бэт-Пэору. І ніхто зь людзей ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.
7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцьміліся, і быў ён поўны сілы.
8 Плакалі дзеля сьмерці Майсея сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Маабу. Пасьля скончыліся дні жалобы па Майсею.
9 Ешуа, сын Нуна, на каторага Майсей усклаў рукі, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад праз Майсея.
10 І не знайшоўся больш у Ізраэлю прарок такі, як Майсей, каторага ведаў бы Госпад тварам у твар
11 і каторага б паслаў чыніць у зямлі Эгіпецкай перад фараонам і перад слугамі яго, і перад усёй зямлёй яго
12 такія знакі і цуды, якія чыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.