Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 31 Паўтор Закону, 31 глава

1 Гэтымі яшчэ словамі прамовіў Майсей да ўсяго Ізраэля:
2 «Маю ўжо сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш хадзіць, і Госпад сказаў мне: «Не пяройдзеш ты Ярдан гэты».
3 Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць гэтыя народы на віду ў цябе, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.
4 І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сыгону і Огу, каралям Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.
5 І выдасьць Госпад іх вам, і зробіце вы зь імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.
6 Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо Госпад, Бог твой, ёсьць правадыром тваім, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
7 Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг Госпад бацькам іхнім даць яе, і ты яе падзеліш жэрабем.
8 А Госпад, Які ёсьць правадыром тваім, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык ня бойся і не трывожся».
9 І напісаў Майсей Закон гэты і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, і ўсім старшыням Ізраэля.
10 І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэньня даўгоў, у сьвята Палатак,
11 калі ўвесь Ізраэль прыйдзе на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ Госпад, перачытаеш словы гэтага Закону ўголас перад усім Ізраэлем, каб чулі ўсе.
12 Зьбяры ўвесь народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і чужынцаў, каторыя пражываюць з табой, каб яны шукалі і вучыліся баяцца Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага Закону.
13 Таксама сыны іхнія, каторыя яшчэ ня ведаюць гэтага, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».
14 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў Палатцы Сустрэчы, і Я дам яму даручэньні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў Палатцы Сустрэчы.
15 І Госпад аб'явіўся там у воблачным стаўбе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.
16 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа ты засьнеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб распуставаць з чужымі багамі гэтай зямлі, у каторую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў зь імі.
17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: «За тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне».
18 Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусьціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.
19 Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб быў ён на вуснах іх, і гэтая песьня будзе Мне сьведкаю супраць сыноў Ізраэля.
20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам яго, аплываючую ў малако і мёд. І будзе ён есьці, і наесца да сытасьці, у сытасьці павернецца да чужых багоў, і будзе служыць ім, а Мною ўзгардзіць і разарве запавет Мой.
21 А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэтая песьня будзе сьведчыць супраць яго, бо вусны патомкаў яго яе не забудуцца. Я бо ведаю думкі ягоныя, што ён робіць сягоньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, каторую абяцаў яму».
22 Дык запісаў Майсей гэтую песьню ў той дзень і навучыў яе сыноў Ізраэля.
23 А Госпад загадаў Ешуу, сыну Нуна, кажучы: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою».
24 Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага Закону ў кнізе,
25 то загадаў левітам, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:
26 «Вазьміце гэтую кнігу Закону і ўлажыце яе побач каўчэгу запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна сьведкам супраць цябе.
27 Я вось знаю ўпартасьць тваю і цьвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па сьмерці маёй.
28 Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў пакаленьняў вашых, а таксама начальнікаў вашых, каб сказаць мне ў вушы іхнія словы гэтыя і паклікаць супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.
29 Бо я ведаю, што пасьля маёй сьмерці ліхоту чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасьці, калі дапусьціцеся ліхоцьця на віду Госпада і разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».
30 Дык прамаўляў Майсей да ўсяго сабраўшагася Ізраэля словы гэтай песьні аж да канца:
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 31 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.