1 Калі Госпад, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю каторых дае табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах іхніх,
2 тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць,
3 і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб забойца знайшоў там прыбежышча.
4 Такі закон забойцы-ўцекача, каторага жыцьцё мае быць захаванае: калі ён забіў бліжняга без намеру і калі супраць яго ані ўчора, ані раней ня меў нянавісьці, і гэта будзе даведзена,
5 калі пайшоў хто з бліжнім сваім у лес сьсякаць дрэвы і, схапіўшы сякеру, размахнулася рука яго зь сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, каб ратаваць жыцьцё,
6 каб мсьцівец за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, і не забіў яго, бо ён ня вінен сьмерці, бо ня меў нянавісьці да забітага ні ўчора, ні трэцяга дня.
7 Таму я загадваю табе: Выдзялі сабе тры гарады.
8 Калі Госпад, Бог твой, пашырыць межы твае, як гэта запрысяг тваім бацькам, і аддасьць табе ўсю зямлю, каторую запрысяг даць бацькам тваім,
9 калі ты будзеш пільна выконваць гэты закон, каторы я табе сягоньня прадстаўляю, любячы Госпада, Бога свайго, ходзячы Яго дарогамі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры далейшыя гарады,
10 каб не праліваць нявіннай крыві ў гэтай зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой на ўласнасьць, каб не было на табе віны крыві.
11 Калі аднак чалавек зь нянавісьці да свайго бліжняга цікаваў на яго, паўстаў супраць яго, і забіў яго, і ўцячэ ў адзін з гэтых гарадоў,
12 то старшыні гэтага гораду пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
13 Хай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш нявінную кроў зь Ізраэля, каб добра табе было.
14 Не парушай мяжы бліжняга твайго, каторую вызначылі папярэднікі твае ў частцы тваёй, атрыманай у зямлі, якую дасьць табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.
15 Не хапае слова аднаго сьведкі супраць каго-небудзь у якой-колечы віне, і ў якім-колечы праступку, і ў якім-колечы граху, якім ён саграшыў, але паводле словаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
16 Калі выступіць сьведка фальшыва супраць якога чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
17 то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад сьвятарамі і судзьдзямі, каторыя будуць у тыя дні.
18 Судзьдзі павінны пільна праверыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы і фальшыва гаварыў на брата свайго,
19 то зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і так вынішчы зло з асяродзьдзя свайго.
20 А другія, пачуўшы, будуць баяцца і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў не адважацца рабіць.
21 Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.