1 Калі ўвойдзеш у зямлю, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць, і завалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,
2 возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш зь зямлі тваёй, якую дасьць табе Госпад, Бог твой. Уложыш іх у кошык і пойдзеш на тое месца, каторае Госпад, Бог твой, выбярэ, каб прабывала там імя Яго,
3 і прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: «Абвяшчаю сёньня перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якую Госпад запрысяг бацькам нашым, што дасьць Ён яе нам».
4 І вось возьме сьвятар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярнік Госпада, Бога твайго,
5 а ты скажаш тады ў прысутнасьці Госпада, Бога твайго: «Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў аж ў Эгіпет, а завандраваў туды малой грамадкай, і разросься ў вялікі народ, дужы і шматлікі.
6 І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы.
7 Дык мы клікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэньне нашае, і работу, і зьдзек.
8 І вывеў Ён нас рукою магутнаю і плячом узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.
9 І прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, аплываючую ў малако і мёд.
10 Вось таму прнёс я пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне Госпад». І паложыш іх на від Госпада, Бога твайго, і паклонішся Госпаду, Богу твайму.
11 І будзеш цешыцца ва ўсіх даброцьцях, каторыя даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, каторы пражывае ў цябе.
12 Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш ўсе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, каб елі і насычаліся ўдосталь у брамах тваіх,
13 тады скажаш на віду Госпада, Бога твайго: «Узяў я з дому свайго тое, што было пасьвячана, і даў левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.
14 Не спажываў я іх у дзень жалобы сваёй, ня ўзяў нічога зь іх, калі быў нячысты, не даваў зь іх нічога памёршаму, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне.
15 Дык глянь са сьвятога прыстанішча Свайго, зь нябёсаў, і дабраслаў народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як запрысяг бацькам нашым, зямлю, аплываючую ў малако і мёд».
16 Сёньня загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказаньні гэтыя, а таксама закон і пільнаваўся гэтага ўсім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.
17 Выбраў ты сёньня Госпада, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў дарогамі Ягонымі і трымаўся Яго пастановаў, прыказаньняў і закону ды быў паслухмяным волі Яго.
18 І Госпад выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён казаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказаньні Ягоныя.
19 І тады Ён ўзвысіць цябе ў пашане і славе над другімі народамі, якія Ён паклікаў да жыцьця, каб ты быў для Госпада, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён казаў табе».