1 Слухай, Ізраэль, ты сёньня маеш перайсьці празь Ярдан, каб завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі велізарнымі і ўмацаванымі аж пад неба,
2 народам вялікім і высокім, сынамі Анака, вядомымі табе, аб якіх ты чуў, што ім ніхто ня можа супрацівіцца.
3 Дык ведай, што сёньня Госпад, Бог твой, пяройдзе перад табой, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і аддасьць іх табе, каб ты хутка выгнаў і зьнішчыў іх, як Госпад сказаў табе.
4 Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад воблікам тваім: «Дзеля справядлівасьці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю», бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
5 Бо вось не дзеля справядлівасьці тваёй і праваты сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за тое, што яны жылі бязбожна, па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганяе іх перад табою, каб споўніць слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
6 Дык ведай, што не дзеля справядлівасьці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на пасяленьне, хоць ты — народ цьвёрдага карку.
7 Памятай і не забывайся, як вымусіў ты Госпада, Бога твайго, да гневу на пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
8 Бо і на Гарэбе гневалі вы Яго і, разгневаны, хацеў Ён зьнішчыць вас,
9 і калі я ўзыйшоў на гару атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.
10 І даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, запісаныя пальцам Бога, на якіх былі ўсе словы, каторыя вам сказаў Госпад на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сабраньня.
11 Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, табліцы запавету,
12 і сказаў мне: «Устань і зыйдзі адсюль хутка, бо саграшыў народ твой, каторы вывеў ты з Эгіпту; скора зыйшлі з дарогі, каторую загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з мэталю».
13 І зноў сказаў Госпад мне: «Бачу, што гэты народ ёсьць народам цьвёрдага карку.
14 Дазволь Мне, каб Я зьнішчыў іх і сьцёр іхняе імя з-пад неба, а зь цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты».
15 І я павярнуўся, і зыйшоў з палаючай гары, трымаючы аберуч дьзве каменныя табліцы.
16 І калі я ўбачыў, што вы саграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цялё ды што хутка зыйшлі з дарогі, каторую Госпад вам загадаў,
17 схапіў я абедзьве табліцы і кінуў іх, і разьбіў іх у вашай прысутнасьці;
18 і ўпаў, і ляжаў я перад Госпадам як раней, сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, каторых вы дапусьціліся супраць Госпада і змусілі Яго да гневу,
19 бо баяўся я ярасьці і гневу Ягонага, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас зьнішчыць.
20 Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго забіць, але і за яго тады я маліўся.
21 А прычыну грэху вашага, значыць цялё літае, каторае вы зрабілі, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на попел, і кінуў у ручай, які сьцякаў з гары.
22 І ў Табэры, у Масе і ў Кіброт-Гаттаве яшчэ спакушалі вы Госпада.
23 І калі пасылаў вас Госпад з Кадэш-Барнэа, кажучы: «Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую даў Я вам», то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Яго;
24 вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як стаў я вас ведаць.
25 Сорак дзён і начэй ляжаў я перад Госпадам і пакорна маліў Яго, каб ня нішчыў Ён вас, як сказаў.
26 І ў малітве прасіў: «Госпадзе Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту дужаю рукою.
27 Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбогасьць, а таксама грахі,
28 каб часам жыхары зямлі, з каторай Ты вывеў нас, не сказалі: «Ня мог Госпад увесьці іх у зямлю, каторую абяцаў ім. Зь нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі на пустыні».
29 А яны ж Твой народ і спадчына Твая, тыя, каторых Ты вывеў Сваёй вялікаю сілаю і ўзнятым плячом Сваім».