Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 28 Паўтор Закону, 28 глава

1 «Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, і спаўняць, і захоўваць ўсе загады Ягоныя, каторыя я загадваю табе сягоньня, то Госпад, Бог твой, узвысіць цябе над усе народы, якія пражываюць на зямлі,
2 і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго.
3 Дабраслаўлены ты ў горадзе і дабраслаўлены ў полі.
4 дабраслаўлены плод ўлоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх і авец тваіх.
5 дабраслаўлен кош твой і жорны твае.
6 дабраслаўлены ты ўваходзячы і дабраслаўлены выходзячы.
7 Дасьць табе Госпад, што ворагі твае, каторыя паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя на віду ў цябе. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.
8 Спашле Госпад дабраславенства на сьвірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраславіць табе на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
9 І паставіць цябе Госпад як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Ягонымі.
10 І ўбачаць усе народы на зямлі, што імя Госпада прызывана вамі, і будуць баяцца вас.
11 І дасьць табе Госпад дастатак усякіх даброцьцяў; і плод ўлоньню твайму, прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якую запрысяг Госпад бацькам тваім, што дасьць табе.
12 Адкрые табе Госпад багатыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславенства ўсім працам рук тваіх; ты будзеш пазычаць многім народам, а сам ні ад каго пазычаць ня будзеш.
13 І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды на версе, а не ў нізе, калі будзеш слухаць загады Госпада, Бога твайго, каторыя сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і спаўняў іх,
14 і не адступай ад словаў, каторыя даручаю табе сягоньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.
15 А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, захоўваць і спаўняць усе загады Яго і прыказаньні, каторыя я сягоньня загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.
16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.
17 Пракляты кош твой і кладоўка твая.
18 Пракляты плод улоньня твайго і плён зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй і прыплод авец тваіх.
19 Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пры выхадзе тваім.
20 Спашле на цябе Госпада праклён, і трывогу, і няшчасьце ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка дзеля ліхіх учынкаў сваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.
21 Спашле на цябе Госпад пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе зь зямлі, у каторую ты ўвойдзеш на пражываньне.
22 Дакране цябе Госпад сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, засухаю, палючым ветрам і іржою, яны будуць мучыць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.
23 І неба, каторае над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.
24 Заменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а зь неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ня зьнішчыць цябе.
25 І аддасьць цябе Госпад на паражэньне ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісьці на іх, а сямю дарогамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх каралеўстваў зямлі.
26 Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і ніхто ня будзе адганяць іх.
27 Дакране цябе Госпад праказай Эгіпецкай і балячкамі, каростаю і скуламі, каторых ня зможаш вылячыць.
28 Пакарае цябе Госпад вар'яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.
29 У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і ва ўсіх справах тваіх ня будзеш мець посьпеху. Увесь час будзеш крыўджаны і рабаваны, і ня будзе каму ратаваць цябе.
30 Заручышся з жонкай, а другі хто будзе спаць зь ёй. Будзеш будаваць дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў яго.
31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і ня будзе каму дапамагчы табе.
32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты заўсёды крыўджаны і прыгнечаны ўвесь час.
34 І звар'яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.
35 Дакране цябе Госпад балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і пакрыюць цябе ад стопаў аж да чубу галавы.
36 Цябе і караля твайго, каторага выбярэш, завядзе Госпад да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,
37 і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам усім народам, да якіх высяліць цябе Госпад.
38 Насеньня многа кінеш у зямлю, а зьбярэш мала, бо шаранча паесьць усё.
39 Вінаграднікі засадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, ды нічога зь іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.
40 Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць і прападуць.
41 Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся зь іх, бо павядуць іх у няволю.
42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.
43 Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над цябе і стане высокім, а ты зыйдзеш і будзеш нізкім.
44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.
45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і зьдзеквацца над табой, пакуль не прападзеш, бо ня слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў загадаў Ягоных і прыказаньняў, якія Ён даў табе.
46 Яны будуць знакам і довадам табе і патомству тваёму навек.
47 За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, зь вясёласьцю і радасьцю сэрца твайго ў дастатку тваім,
48 будзеш служыць ворагу твайму, каторага Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у чаласьці і недастачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карку тваім, пакуль ня вынішчыць цябе.
49 Навядзе на цябе Госпад народ далёкі, з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы каторага ты не разумееш,
50 народ жудасны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.
51 І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і зборы зямлі тваёй, пакуль цябе ня выгубіць; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыплоду авец, пакуль цябе ня зьнішчыць.
52 І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты пакладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх гарадах, на ўсёй зямлі, якую даў табе Госпад, Бог твой.
53 Будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якія даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.
54 У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да яго, і рэшту дзяцей сваіх, каторыя засталіся ў яго.
55 Ня дасьць нікому ён целы сыноў сваіх, каторыя будзе есьці, бо ён ня будзе ўжо больш нічога мець дзеля аблогі і бяды, якімі вораг твой прыцісьне цябе ва ўсіх брамах тваіх.
56 Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, і так расьпешчаная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і дачку сваю
57 і ня дасьць ім ложышча, якое выйшла зь яе ўлоньня, і дзяцей, ёю народжаных, бо есьці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісьне цябе вораг ва ўсіх брамах тваіх.
58 Калі ня будзеш берагчы і выпаўняць усіх словаў гэтага Закону, якія напісаныя на гэтым скрутку, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
59 то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на патомства тваё, і кары цяжкія і доўгатрывалыя,
60 і навядзе на цябе ўсе плягі Эгіпецкія, каторых ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.
61 І ўсе хваробы і плягі, не запісаныя ў гэтым скрутку Закону, напусьціць Госпад на цябе, пакуль цябе ня выгубіць.
62 І застанецёся вы ў малой лічбе, тады як раней вы былі, як зоркі на небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас Госпада, Бога твайго.
63 Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і сьціраючы з паверху зямлі, у якую ідзіцё, каб завалодаць.
64 Госпад расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца да канца зямлі, і там будзеш ты служыць чужым багам, каторых ня ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменьням.
65 І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, стапа тваёй нагі не супачыне. І дасьць там табе Госпад сэрца, дрыжачае ад страху, вочы, заплаканыя з тугі, і душу збалелую.
66 Жыцьцё тваё будзе вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
67 Нараніцы ты скажаш: «Хто дасьць мне дачакацца вечара?», а ўвечары: «Хто мне дасьць дачакацца раніцы?» дзеля страху сэрца свайго, якое будзе баяцца дзеля ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.
68 І верне цябе Госпад у Эгіпет на караблях тою дарогаю, пра якую Ён казаў табе, што ты яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы ды ня будзе каму купляць».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 28 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.