1 Калі паўстане сярод цябе прарок або выясьніцель сноў і пакажа табе знак або цуд,
2 і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, і скажа табе снавідзец: «Пойдзем за іншымі багамі, каторых ты ня ведаеш, і будзем ім служыць»,
3 то ня слухай словаў такога прарока або выясьніцеля, бо выспрабоўвае вас Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не.
4 За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і загады Яго спаўняйце, і слухайце голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.
5 Прарок жа той або выясьніцель хай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад Госпада, Бога вашага, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з той дарогі, каторую табе загадаў Госпад, Бог твой, дык выкарані зло з асяродзьдзя твайго.
6 Калі б хацеў угаварыць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка, або жонка, каторая туліцца да цябе, або прыяцель, каторага любіш, як душу сваю, таемна кажучы: «Хадзем і будзем служыць багам чужым», каторых ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,
7 багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх ці то далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога.
8 Ня слухай яго і не згаджайся зь ім, і не глядзі на яго зь літасьцю, ня мей міласэрдзя, і не хавай яго злачынства,
9 але забі яго; ты першы падымі руку, каб забіць яго, а потым увесь народ.
10 Укамянуй яго на сьмерць, бо хацеў адцягнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
11 Дык увесь Ізраэль, чуючы гэта, спалохаецца і перастане рабіць гэтую ліхоту ў асяродзьдзі сваім.
12 Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія Госпад, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа,
13 што выйшлі з асяродзьдзя твайго сыны Бэліяла, каторыя адварочваюць жыхароў горада свайго, кажучы: «Хадзем і будзем служыць чужым багам, якіх ты ня ведаеш», —
14 то распытай пільна і старанна і правер праўдзівасьць справы, і калі даведаешся, што праўду гавораць і што такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім,
15 то жыхароў гэтага горада выбі мячом і аддай клятве яго і ўсё, што ў ім, разам з жывёлаю.
16 Усю ж здабычу зь яго сабяры на сярэдзіну плошчы горада і спалі горад разам са здабычаю на цэлапаленьне Госпаду, Богу твайму, і застанецца ён у руінах, і не адбудуецца болей.
17 І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з праклятага, каб Госпад адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зжаліўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,
18 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, спаўняючы ўсе загады Яго, якія я даю табе сягоньня, каб рабіць, што падабаецца Госпаду, Богу твайму.