Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 8 Паўтор Закону, 8 глава

1 Кожны загад, каторы я вам сягоньня даю, пільна беражыце і выпаўняйце, каб маглі вы жыць і множыцца, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг Госпад бацькам вашым.
2 І памятай усю дарогу, катораю вёў цябе Госпад, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў душы тваёй, ці будзеш ты спаўняць прыказаньні Ягоныя, ці не.
3 Ён мучыў цябе голадам і даваў табе манну, якой ня ведаў ты і бацькі твае, каб паказаць табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.
4 Ня меў ты недахопу ў адзеньні, якім адзяваўся, і ня пухла нага твая праз усе гэтыя сорак гадоў.
5 Дык разважай у сэрцы сваім, што як бацька гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,
6 каб спаўняў ты загады Госпада, Бога твайго, ішоў дарогай Ягонаю і меў страх перад Ім.
7 Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю рэк і крыніцаў, што выбіваюцца на палях і гарах,
8 у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фіговых, і гранату, у зямлю алівак і мёду,
9 у зямлю, дзе безь ніякага недахопу будзеш есьці хлеб свой і будзеш цешыцца шчодрасьцю ўсякіх даброцьцяў; каменьні яе — жалеза, а з гор медзь здабываць будзеш.
10 Вось, калі будзеш ты есьці і наясіся, дабраслаў Госпада, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.
11 Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сягоньня.
12 Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся,
13 і калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў серабро і золата, і ўсякі дастатак,
14 тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
15 Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай,
16 і карміў цябе маннай на пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе.
17 Дык не кажы ў сэрцы сваім: «Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне»,
18 але памятай на Госпада, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень.
19 А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце.
20 Як тыя народы, каторыя Госпад зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 8 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.