1 Такія вось прыказаньні і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, дасьць вам, каб валодалі ёю ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.
2 Зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, каторых вы пазбавіце спадчыны, служылі багам сваім на горах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.
3 Разваліце ахвярнікі, пабіце слупы іхнія, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразьбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтага месца.
4 Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,
5 але прыходзьце на месца, каторае сам Госпад, Бог ваш, выбярэ з усіх пакаленьняў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і на ім жыць,
6 і ў гэтым месцы складайце цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны і дары рук вашых, і тое, што шлюбавалі, і дабравольныя ахвяры вашыя, і першародных валоў і авечак.
7 Там, на віду Госпада, Бога вашага, ешце вы і сем'і вашыя і весяліцеся з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вам Госпад, Бог ваш.
8 Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сягоньня, кожны, што яму здаецца добрым,
9 бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супакою і да ўласнасьці, якую дае вам Госпад, Бог ваш.
10 Калі вы пяройдзеце Ярдан і абжывіцёся на зямлі, якую дае вам Госпад, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад ўсіх ворагаў навокал ды жылі бязь ніякага страху,
11 тады ў месцы, каторае выбраў Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце ўсё, што я вам сёньня загадваю: цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і што шлюбавалі вы для Госпада.
12 Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашыя, слугі і служанкі, а таксама левіт, каторы ў брамах вашых прабывае; бо ня мае ён часткі, ані спадчыны паміж вамі.
13 Сьцеражыцеся, каб не складаць сваіх ахвяраў цэлапальных на кожным месцы, якое ўбачыш,
14 але на тое месца, якое выбярэ Госпад у адным з пакаленьняў тваіх, занясеш усё, што я табе загадваю.
15 Аднак калі захочаш есьці, забі жывёлу і еш мяса яе ў кожным з тваіх гарадоў па дабраславенству Госпада, Бога твайго: чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя,
16 за выняткам крыві, каторую выльеш на зямлю, як ваду.
17 Не можаш есьці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа твайго, віна і алівы тваёй, першародных жывёлаў у статку, ані ўсяго таго, што шлюбаваў Госпаду, Богу твайму, ані ахвяраў дабравольных, ані дароў з тваёй рукі.
18 Але будзеш есьці іх на віду Госпада, Бога твайго, ў месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, ты і сын твой, і дачка твая, слуга і служанка, таксама левіт, які прабывае ў брамах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прылажыў руку тваю.
19 Уважай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.
20 Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есьці мяса, якога жадае душа твая, тады еш мяса паводле прагненьня душы тваёй.
21 Калі б месца, каторае выбраў Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, то забі з жывёлы і статку, якія даў табе Госпад, і як загадаў я табе, і спажывай у брамах тваіх паводле жаданьня душы тваёй.
22 Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; як чысты, так і нячысты нароўні могуць гэта спажываць.
23 Адно толькі высьцерагайся спажываць крыві; бо кроў ёсьць душа іхняя, і таму не павінен ты есьці душу разам зь мясам.
24 Не спажывай яе, але вылі на зямлю, як ваду.
25 Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што падабаецца Госпаду.
26 Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў Госпаду, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў Госпад, каб было прызывана там імя Яго,
27 і ахвяруеш цэлапаленьні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяраў выльеш на ахвярніку, а мяса сам з'ясі.
28 Уважліва слухай і выконвай ўсё, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на вякі, калі споўніш, што добрае і што мілае на віду Госпада, Бога твайго.
29 Калі Госпад, Бог твой, выганіць перад табою народы, да каторых ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,
30 сьцеражыся, каб не пайсьці ў іх сьляды, калі яны будуць выгубленыя, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: «Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду ім служыць».
31 Не рабі гэтак Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца Госпад і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сваіх сыноў і дачок у агні палілі для сваіх багоў.
32 Што я загадваю вам, тое беражыце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы.