1 Такія вось загады, і прыказаньні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы спаўнялі іх на зямлі, каторую ідзіцё ўзяць на ўласнасьць.
2 Дык бойся Госпада, Бога твайго, і захоўвай ўсе прыказаньні і загады Ягоныя, якія даручаю табе, сынам і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця, каб даўгавечныя былі дні твае.
3 Слухай, Ізраэль, і захоўвай, і спаўняй іх, каб добра табе было, і ўзрос лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, у зямлі, што ацякае малаком і мёдам.
4 Слухай, Ізраэль: Госпад, Бог наш,- Госпад адзіны.
5 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.
6 Гэтыя словы, каторыя я даручаю табе сёньня, хай будуць у сэрцы тваім.
7 Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.
8 Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.
9 Выпішы іх сабе на дзьвярах тваіх і на брамах тваіх.
10 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і багатыя, каторых ты не будаваў,
11 дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, каторых ты не зьбіраў, выкапаныя студні, каторых ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, каторых ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,
12 сьцеражыся, каб не забыўся ты пра Госпада, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
13 Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.
14 Не ідзі за багамі чужымі, за багамі акружаючых цябе народаў,
15 бо Госпад, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зайздросны, каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з паверху зямлі.
16 Не выстаўляйце Госпада, Бога вашага, на выпрабаваньне, як вы спакушалі ў Масе.
17 Захоўвайце загады Госпада, Бога вашага, і сьведчаньні, і прыказаньні, якія даў Ён вам;
18 і рабі, што належыцца і што добрае на віду ў Госпада, каб быў ты шчасьлівы і ўвайшоў у зямлю добрую, якую запрысяг Госпад бацькам тваім,
19 каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім.
20 Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой: «Што за сэнс гэтых сьведчаньняў, прыказаньняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог ваш?»,
21 ты скажаш яму: «Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас Госпад з Эгіпту рукою дужаю,
22 і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага ў прысутнасьці нашай,
23 і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.
24 І загадаў нам Госпад, каб спаўнялі мы ўсе гэтыя прыказаньні і баяліся Госпада, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як і сёньня жывём.
25 І будзе нам справядлівасьць, калі мы будзем берагчы і спаўняць усе загады гэтыя на віду ў Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў».